На абед – музыка! Незвычайны музычны праект атрымаў працяг у ПДУ
Шосты сезон музычна-асветніцкага праекта «Lunch-канцэрт» стартуе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце 30 верасня напярэдадні Міжнароднага дня музыкі.
Інструментальныя, вакальныя, сольныя і ансамблевыя ланч-канцэрты сталі неад'емнай часткай універсітэцкай атмасферы. Яны праходзяць па серадах на вялікім перапынку ў фае новага корпуса і заўсёды збіраюць удзячную аўдыторыю.
Праект рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Наваполацкім музычным каледжам і выконвае культурна-адукацыйную місію, спрыяе развіццю эстэтычнага густу слухачоў. Дзякуючы яму больш студэнтаў сталі разумець і шанаваць класічнае мастацтва. Праграма, прысвечаная адкрыццю новага сезона, вельмі разнастайная. Прагучаць гітара, флейта і вакал, будуць выкананы творы амерыканскіх кампазітараў, беларускія народныя песні, іспанскі танец і адзін з хітоў вядомага расійскага музыканта Андрэя Макарэвіча.
Ларыса Малашаня, «Віцебскія весці».