На Лепельшчыне ўпершыню пройдзе Міжнародны фестываль міфалогіі «Шлях Цмока»

На Лепельщине впервые пройдет Международный фестиваль мифологии «Шлях Цмока»
На Лепельшчыне вырашылі аб'яднаць у адно маштабнае мерапрыемства два фестывалі, прысвечаныя славянскім міфам і легендам.

 

«У госцi да Лепельскага Цмока» і «Міфы на балоце» трансфармаваліся ў Міжнародны фестываль міфалогіі «Шлях Цмока», які пройдзе 21 – 22 верасня ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.

Па словах мэнэджара па турызме прыродаахоўнай установы Дзіяны Пракошынай, ідэя аб'яднання ставіць задачу арганізацыі больш масавага і відовішчнага мерапрыемства з пашыранай праграмай і колькасцю ўдзельнікаў. У гэтым годзе «Шлях Цмока» прыцягнуў не толькі беларусаў, але і прадстаўнікоў Расіі, Польшчы.

Гасцей фестывалю чакаюць тэатралізаванае прадстаўленне «Легенда пра Цмока», выступленні музычных калектываў, майстар-клас беларускага танца з героямі славянскай міфалогіі. Вучні Домжарыцкай школы паўстануць у вобразах персанажаў беларускай міфалогіі. Дарэчы, да гэтага дэфіле могуць далучыцца ўсе жадаючыя, калі прыедуць на фестываль у тэматычных касцюмах.

Вечаровая праграма прапануе выступленне музычных калектываў, вогненную феерыю, наведванне Музея міфалогіі, паўтарагадзінную інтэрактыўную начную прагулку па сцежцы міфаў.

Для чытачоў «ВВ» Дзіяна Пракошына раскрыла адзін з сюрпрызаў мерапрыемства. На фестывалі выступіць беларуская музычная група «НагУаль», якая ўдзельнічала ў вядомым шоў «Х-Фактар». У яе рэпертуары, акрамя песень на рускай і беларускай мовах, ёсць кампазіцыі на фанемнай гаворцы, якую вынайшаў лідар калектыву Леанід Паўлёнак.

Падчас фестывалю будуць працаваць розныя тэматычныя пляцоўкі, гульнявыя зоны для дзяцей, фудкорты, выставы. Самых актыўных удзельнікаў чакаюць памятныя прызы і дыпломы ад спонсараў і партнёраў свята.

Дзіяна Пракошына адзначыла, што госці фестывалю, якія плануюць ахапіць усю двухдзённую праграму, змогуць з камфортам размясціцца ў гасцінічных комплексах запаведніка або ў намётавым мястэчку на спецыяльна абсталяванай тэрыторыі. Будзе арганізавана дастаўка гасцей з Лепеля.

 

"Віцебскія весці".