На мадэрнізацыю і рэканструкцыю школьных харчаблокаў у Віцебскай вобласці накіруюць Br2,7 млн

Пілотны праект па харчаванні ў школах Віцебскай вобласці маштабуюць пасля аналізу вынікаў трох устаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у праекце. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.

Папярэднія вынікі пілотнага праекта, ініцыяванага Міністэрствам адукацыі, паказалі, што школьнікі і іх бацькі станоўча выказваюцца аб зменах у меню і новым рэжыме харчавання. Гэты праект плануецца маштабаваць на ўсе ўстановы сярэдняй адукацыі паўночнага рэгіёна, і для гэтага трэба вырашыць некалькі важных арганізацыйных пытанняў.

"Перш за ўсё неабходна правесці мадэрнізацыю і рэканструкцыю харчаблокаў, уключаючы закупку новага абсталявання. На гэты год з абласнога бюджэту на гэтыя мэты будзе накіравана агулам Br2,7 млн. Таксама важным застаецца пытанне кадраў. Цяпер работнікаў харчаблока ва ўсіх школах хапае, аднак трэба глядзець на перспектыву. Каля 15% кухараў у школах - гэта людзі пенсійнага ўзросту, моладзь у гэтай сферы не затрымліваецца надоўга, таму трэба будзе папрацаваць над гэтым пытаннем і папоўніць рэзерв спецыялістаў", - расказаў Вячаслаў Дурноў.

Што тычыцца складання новага меню, то прыклад першых трох школ будзе ўлічвацца, аднак на месцах правядуць анкетаванне сярод школьнікаў і іх бацькоў і будуць абапірацца на пажаданні дзяцей.

"У цэлым пілотны праект паказаў, што навучэнцы станоўча ўспрынялі новаўвядзенні, а таксама выявіў пытанні, якія трэба вырашаць на месцах. І гэта пераважна аргпытанні, бо ў асобных школах ёсць праблемы з перапоўненасцю, і школьнікаў трэба забяспечыць харчаваннем пры тым графіку, які рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі. Першы досвед мы прааналізуем, падключым спецыялістаў сістэмы адукацыі і будзем укараняць яго ў практыку з улікам усіх пажаданняў", - падсумаваў намеснік старшыні аблвыканкама.

"БЕЛТА"