На «Нафтане» прадставілі новага гендырэктара
Зрэшты, Алег Жабін на «Нафтане» чалавек не новы. Да гэтага ён працаваў там намеснікам гендырэктара па хімічнай вытворчасці, узначальваў завод «Палімір». Па выніках працы ў 2022 годзе ён быў прызнаны лепшым кіраўніком Віцебскай вобласці.
– Алег Уладзіміравіч прайшоў вялікі шлях, усё ведае, выгадаваны прадпрыемствам кіраўнік, і я ўпэўнены, што ён арганізуе працу на высокім узроўні. «Нафтан» – адно са знакавых прадпрыемстваў Беларусі. Патрабуецца новы погляд на яго развіццё. Пытанне інвестыцый не павінна завяршацца адным праектам, неабходна працягваць мадэрнізацыю прадпрыемства. Глыбіня перапрацоўкі нафты застаецца адной з галоўных задач, якія трэба вырашаць у бліжэйшы час. Неабходна як мага хутчэй завяршыць другую чаргу рэканструкцыі і прыступаць да трэцяй, – адзначыў Пётр Пархомчык і пажадаў прадпрыемству імклівага дынамічнага развіцця.
На сённяшні дзень «Нафтан» працуе стабільна. Вясной быў уведзены комплекс запаволенага каксавання, дзякуючы якому глыбіня перапрацоўкі нафты дасягнула 92 %. Прадпрыемства завяршае рэканструкцыю па нафтавым напрамку. Ідзе пошук новых рынкаў, у прыватнасці, кітайскага.
Напутлівыя словы новаму кіраўніку ААТ «Нафтан» сказаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
– «Нафтан» вельмі важны для Беларусі і гіперважны для вобласці. Трэба максімальна хутка арыентавацца ў сённяшнім дні і глядзець у заўтрашні. З развіццём нафтахімічнага кластара мы звязваем дабрабыт рэгіёна. Менавіта ў сталіцы Нафтаграда, маладым горадзе, трэба рэалізоўваць новыя крэатыўныя праекты, – падкрэсліў кіраўнік вобласці.
У адным з нядаўніх інтэрв'ю Алег Жабін казаў: «Поспеху дабіваюцца тыя, хто імкнецца да развіцця, стварэння і, вядома, да выніку. У гэтым пераліку важная парадак слоў і эфектыўнасць у дзеянні. Адно немагчыма без другога». Гэтыя словы як нельга дакладна характарызуюць напрамак працы новага гендырэктара «Нафтана».