На забеспячэнне грамадзян сродкамі рэабілітацыі з бюджэту Віцебскай вобласці за 2012 год выдзелена Br8,4 млрд.

З бюджэту Віцебскай вобласці ў 2012 годзе на забеспячэнне грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі выдзелена Br8,4 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

За кошт абласнога бюджэту таксама набываліся пратэзна-артапедычныя вырабы. Інвалідам і ветэранам вайны выдадзена ў карыстанне больш за 9 тыс. тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. У адпаведнасці з абласной праграмай па стварэнні безбар'ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб абсталявана элементамі безбар'ернага асяроддзя 355 аб'ектаў - усе ўключаныя ў праграму на 2012 год. На гэтыя мэты было накіравана і асвоена Br2,7 млрд.

Як адзначылі ў камітэце, у сферы сацыяльнай палітыкі вобласці адным з найважнейшых напрамкаў застаецца падтрымка інвалідаў і пенсіянераў. У рэгіёне далейшае развіццё атрымліваюць формы і метады працы з асобнымі катэгорыямі грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковых мерах дзяржаўнай дапамогі. У 2012 годзе з 13 тыс. да 13,4 тыс. павялічылася колькасць грамадзян, якія абслугоўваюцца на даму. Гэта самая даступная форма сацабслугоўвання, якая дае магчымасць непрацаздольным людзям максімальна доўга знаходзіцца ў звыклым хатнім асяроддзі. Запатрабаванай формай сацыяльнай дапамогі пажылым людзям і інвалідам з'яўляецца прадастаўленне ім разавых сацыяльна-бытавых паслуг на даму. Актывізавана праца гаспадарчых брыгад, што дае магчымасць грамадзянам больш аператыўна вырашаць праблемы па атрыманні сацыяльных паслуг.

БЕЛТА