На аб'екты аховы здароўя Віцебскай вобласці ў 2013 годзе выдзеляць удвая больш сродкаў, чым у папярэднім

На объекты здравоохранения Витебской области в 2013 году выделят двое больше средств, чем в предыдущем

Даволі буйныя сумы на працягу апошніх гадоў выдзяляліся на мадэрнізацыю і рэканструкцыю ўстаноў аховы здароўя вобласці. Найбольш маштабныя рэалізаваныя праекты мінулага года – Віцебская гарадская цэнтральная дзіцячая паліклініка і Шаркаўшчынская ЦРБ. У цэлым жа, па выніках 2012-га, у Прыдзвінне ўведзена ў эксплуатацыю звыш васьмі дзясяткаў медыцынскіх аб'ектаў, з іх 36 – у сельскай мясцовасці.

Калі на ўзвядзенне і рэканструкцыю аб'ектаў аховы здароўя ў мінулым годзе было затрачана 280 мільярдаў рублёў, то ў 2013-м на гэтыя мэты плануецца вылучыць амаль у два разы больш: 530-540 мільярдаў. Па словах начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрыя Дзеркача, неўзабаве завершыцца будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і двух блокаў абласной клінічнай бальніцы. Скончыцца рэканструкцыя абласных псіхіятрычнай і інфекцыйнай бальніц. Увядуць у эксплуатацыю 3-павярховую прыбудову да Віцебскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Працягнецца ўзвядзенне паліклінікі ў мікрараёне «ЮГ-7». У цэнтральнай гарадской бальніцы сталіцы Прыдзвіння часткова завершаць работы ў тэрапеўтычным корпусе, прыступяць да рэканструкцыі хірургіі.

– Увод аб'ектаў у Наваполацку і Оршы запланаваны на пачатак 2014 года. Там з'явяцца два ангіяграфічныя комплексы, – распавядае Юрый Дзеркач. – Такім чынам, машыны хуткай медыцынскай дапамогі, якія былі набыты раней, змогуць дастаўляць людзей з вострым каранарным сіндромам у спецыялізаваныя кабінеты за 30-35 хвілін, пазбавіўшы пацыентаў ад сур'ёзных наступстваў з-за, магчыма, развіўшагася інфаркту міякарда або інсульту. Гэта значна скароціць колькасць памерлых або тых, хто стаў інвалідам.

Дарэчы, працягласць жыцця ў 2012 годзе склала 71 год. У Прыдзвінне значна знізілася агульная смяротнасць, асабліва сярод людзей працаздольнага ўзросту – практычна на 1 праміле. Дзіцячая засталася на ранейшым узроўні, матчына – не было зусім. Раней па праграме дэмаграфічнай бяспекі планавалася знізіць смяротнасць да 15 праміле ў 2013 годзе, але цяпер ёсць перадумовы, што можна дамагчыся лепшага выніку – 13,5 праміле.

– Мы правялі сур'ёзныя пераўтварэнні ў сістэме аховы здароўя, зэканоміўшы пры гэтым дадаткова 17 мільярдаў рублёў, – працягвае Юрый Дзеркач. – Ляжэчны фонд скарацілі да неабходных сацыяльных стандартаў. Прычым Наваполацк, Віцебск, Ушачы, Глыбокае нават не выкарыстоўвалі гэты фонд у поўнай меры. У асноўным аказанне медыцынскай дапамогі было пераключана на амбулаторна-паліклінічнае звяно: такое лячэнне менш дарагое і дае эканамічны эфект. Вольныя ложкі выкарыстоўвалі для экспарту медыцынскіх паслуг, павялічыўшы яго амаль у 2 разы. Аб'ём платных паслуг вырас прыкладна ў 1,6 раза. У цэлым гэта склала 9,6 працэнта ад бюджэтнага фінансавання, што дало нам магчымасць павялічыць заработную плату і накіраваць частку сродкаў на набыццё абсталявання і ўкараненне новых тэхналогій у абласных клініках.

Анастасія БУТ, «Віцебскі рабочы»