На адну з найвышэйшых кропак Віцебска ўзнялі Дзяржаўны сцяг Беларусі

Ганаровае права вынесці Дзяржаўны флаг было прадастаўлена падпалкоўніку запасу, ветэрану вайны ў Афганістане, старшыні абласнога Савета ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерыяну Мацкевічу, які перадаў галоўны сімвал краіны для ўшанавання старшыні аблвыканкама Аляксандру Суббоціну.

Палатно памерам 2х4 на вышыню 56 метраў паднялі работнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада «Віцязь» Аляксандр Селіванаў, Дзмітрый Якушэнка, Аляксей Парамонаў. Пасля гэтага прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.




– Мы сабраліся, каб у адзіным патрыятычным парыве аддаць даніну пашаны галоўнаму сімвалу беларускай дзяржавы – Дзяржаўнаму флагу. Скрозь дзесяцігоддзі чырвона-зялёнае палатно ўвасабляе імкненне беларусаў жыць у міры і згодзе, – звярнуўся да прысутных Аляксандр Суббоцін. – Шлях да здабыцця дзяржаўнасці, які выпаў на долю беларусаў, быў складаным і церністым. Толькі ў ХХ стагоддзі мы атрымалі шанец на самавызначэнне. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала фундаментам для стварэння суверэннай Беларусі. Выступіўшы адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, БССР у 1951 годзе прыняла новы, чырвона-зялёны флаг, які падкрэслівае самабытнасць і незалежнасць дзяржавы.

Колеры нашага сцяга адлюстроўваюць сувязь сучаснасці з мінулым і будучыняй народа. Беларусь – першая ў свеце краіна, якая ў якасці элемента дзяржаўнага сцяга выкарыстала нацыянальны арнамент – гэта сімвал старажытнай культуры народа, яго духоўнага багацця. Яго змест апавядае пра хлеб, ураджай і працяг роду. У аснове арнаменту на сцягу ляжыць узор, вытканы ў 1917 годзе жыхаркай Сенненскага раёна нашай вобласці Матрёнай Маркевіч.

На рэферэндуме ў 1995 годзе беларусы выбралі цяперашні сцяг, герб і гімн, якія адлюстроўваюць непарыўную сувязь гістарычнага і сучаснага этапаў станаўлення краіны. Пад гэтым сцягам Беларусь больш за чвэрць стагоддзя дынамічна развіваецца і сцвярджае сябе на міжнароднай арэне. Ён асвятляе нашы спартыўныя перамогі, прадстаўляе нашу краіну ў іншых дзяржавах, змацоўвае нацыянальную згоду і патрыятычны дух беларускага народа.

Разуменне глыбокага гістарычнага і палітычнага значэння сцяга і герба Беларусі – неад'емная частка агульнай культуры кожнага беларуса і крыніца патрыятызму. Сёння мы ўшаноўваем сцяг Рэспублікі, які высока і горда лунае ў сэрцы абласнога цэнтра, і з гонарам заяўляем: мы – грамадзяне міралюбнай і незалежнай Беларусі!


Пасля ўзняцця сцяга ўрачыстым маршам прайшлі парадныя разлікі войскаў Віцебскага гарнізона, супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, абласнога ўпраўлення МНС, УУС Віцебскага аблвыканкама ў суправаджэнні ваеннага духавога аркестра.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці і жыхары абласнога цэнтра.
"Сцяг - гэта не проста кавалак тканіны, гэта сапраўды сімвал. І бачачы, як яго падымаюць на п'едэстал нашы алімпійскія чэмпіёны, як ён падымаецца над асноўнымі вяршынямі свету, як на ўсіх урачыстых мерапрыемствах гэтае знамя знаходзіцца заўсёды наперадзе, яно насычаецца сакральным сэнсам. Гэта наша незалежнасць, гэта наша краіна, гэта наша аснова і прадмет павагі і шанавання. Менавіта таму было прынята рашэнне на адной з самых высокіх кропак горада узняць сцяг і закласці яшчэ адну добрую традыцыю ў нашай вобласці - у Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, я думаю, мы будзем на гэтай плошчы збірацца. Хтосьці будзе прымаць тут прысягу, будзем праводзіць мітынгі, падкрэсліваючы, што для нас гэта важна", - заключыў Аляксандр Субоцін.