На возеры Рычы ў Браслаўскім раёне будуць вучыць дайвінгу

На озере Ричи в Браславском районе будут учить дайвингу
Возера Рычы ў Браслаўскім раёне стане месцам навучання дайвінгу, паведаміў дырэктар прадпрыемства "Браслаў - Рычы" Яўген Лабуць.

Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова, якая размяшчаецца на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння "Рычы" на беразе аднайменнага возера, пачала супрацоўніцтва з дайвінг-клубам Deep trip ("Глыбінныя прыгоды").

"Інструктары клуба прыязджалі да нас на мінулым тыдні і даследавалі возера. Яны прыйшлі да высновы, што ўмовы тут ідэальныя для навучання: празрыстасць вады - 4-5 метраў, пясчанае дно, спадзістыя ўваходы з доўгай працягласцю невялікіх глыбінь. А галоўнае - найпрыгажэйшыя мясціны і багатая фаўна. У натуральных умовах вучыцца пагружэннях значна цікавей, чым у басейне", - растлумачыў Яўген Лабуць.

Возера Рычы - другое па глыбіні ў Беларусі (максімум 51,9 метра). У ім захаваліся рэлікты ледавіковага перыяду, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, а вада вельмі празрыстая.

"Для дайвінгу падыходзяць многія вадаёмы краіны. Але для пробнага пагружэння варыянтаў менш. Для жадаючых пазнаёміцца са светам дайвінгу і тых, хто навучаецца ў нас па сістэме PADI (пяць заняткаў у басейне і затым чатыры - на адкрытай вадзе), прапануем азёры Рудакова (Мядзельская група), Валоса (Браслаўская) і цяпер Рычы", - паведамілі ў дайвінг-клубе.

Возера Рычы зручна і тым, што тут ёсць пяць добраўпарадкаваных турыстычных стаянак недалёка ад вадаёма.

Не становіцца перашкодай і тое, што возера знаходзіцца ў памежжы з Латвіяй. Яўген Лабуць запэўніў, што адміністрацыя прадпрыемства "Браслаў - Рычы" дапамагае аператыўна атрымаць пропуск у памежную зону.

Кацярына Князева, БЕЛТА