На першым электронным аўкцыёне ў Віцебскай вобласці выстаўляюцца 8 лотаў са стартавай цаной у 1 базавую велічыню

Першы электронны аўкцыён па продажы дзяржаўнай маёмасці на Беларускай універсальнай таварнай біржы з удзелам аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі вобласці, пройдзе 18 мая.

Усяго выстаўляюцца шэсць лотаў па пачатковай цане ў адну базавую велічыню (210 тысяч рублёў). Пра гэта распавяла намеснік начальніка ўпраўлення па распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю фонду «Віцебскаблмаёмасць» Вольга Юшкоўская. Сярод прапанаваных пакупнікам невыкарыстоўваемых аб'ектаў — два сельскія клубы ў вёсках Козікі Докшыцкага раёна і Марцюхова Талачынскага раёна, будынак школы з збудаваннямі ў Алексінічах на Сянненшчыне, былы кабінет у вёсцы Вітунічы Докшыцкага раёна, які належыць сельгаспрадпрыемству «Гняздзілава-Агра», тэрапеўтычны корпус Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў гарадскім пасёлку Бегамль. Маецца і помнік архітэктуры XIX стагоддзя — сядзібны дом у вёсцы Асада Дзядзіна Мёрскага раёна (для яго ўстаноўлены абавязковыя ўмовы таргоў).

Акрамя саміх будынкаў, іх уладальнікі атрымаюць права на арэнду зямельных участкаў тэрмінам на 50 гадоў.

Усяго з пачатку года на Віцебшчыне з аўкцыёнаў быў прададзены 21 аб'ект на агульную суму 17,1 мільярда рублёў.

Віталь ШЫЕНОК, «Віцьбічы».