На першым пасяджэнні абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі абраны старшыня, яго намеснік, сакратар

На першым пасяджэнні абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі, якое прайшло 21 мая, былі абраны старшыня і яго намеснік, сакратар, а таксама вырашаны арганізацыйныя пытанні.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў уручыў службовыя пасведчанні членам выбаркама, пасля чаго яны прыступілі да абрання кіраўнічага складу. Па прапанове Наталлі Лепешкінай старшынёй абласной тэрытарыяльнай камісіі абраны Дзмітрый Хома. У апошнія гады ён неаднаразова ўдзельнічаў у электаральных марафонах, бягучая выбарчая кампанія для яго стане шостай. Намеснікам старшыні стаў Вячаслаў Хрол, а сакратаром — Святлана Ільюшчанка.

Акрамя таго, на пасяджэнні вырашаны бягучыя пытанні фінансавання тэрытарыяльных камісій. Складзены графік дзяжурства членаў аблвыбаркама, які з 22 мая прыступіць да працы ў штодзённым рэжыме (за выключэннем нядзелі).

У цяперашнюю кампанію абласная камісія адсвяткавала наваселле па адрасе: Віцебск, вул. Гогаля, 17. Як адзначыў Дзмітрый Хома, пасля парламенцкіх выбараў 2019 года былі абагульнены паступіўшыя звароты і пытанні ад грамадзян і назіральнікаў, частка з якіх датычылася месцаў размяшчэння абласной і ніжэйстаячых выбарчых камісій і закранала праблему арганізацыі ў іх безбар'ернага асяроддзя. З улікам пажаданняў выбаршчыкаў зараз аблвыбаркам размясціўся на 1 паверсе адміністрацыйнага будынка, дзе створаны неабходныя ўмовы для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Аналагічныя рэкамендацыі накіраваны ў органы, якія ўтвараюць ніжэйстаячыя камісіі, у тым ліку ўчастковыя.

"Віцебскія весці".