На планёрцы ў старшыні аблвыканкама: Сельскай гаспадаркай трэба займацца сістэмна
Стержань аграрнага комплексу вобласці – Дубровенскі, Аршанскі і Талачынскі раёны. Па кліматычных умовах, бальнасці глебы і іншых аб'ектыўных перадумовах яны маюць шэраг пераваг перад астатнімі рэгіёнамі і павінны стаць ”прарыўнымі“ у забеспячэнні вываду сельскай гаспадаркі Віцебшчыны на якасна новы ўзровень працы і эканамічнага развіцця.
Гэтым тлумачыцца, што ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва вобласці на мінулай планерцы ў старшыні аблвыканкама зноў знаходзілася Аршаншчына, якую Мікалай Шарснёў у чарговы раз асабіста ”праінспектаваў“, звярнуўшы асаблівую ўвагу на стан пасеваў, жывёлагадоўлю і нарыхтоўку кармоў.
Рознасць уражанняў пры накладанні на дзесяцібальную шкалу ацэнак – ад 0 да 10. Асабліва неўпарадкаванай, на думку кіраўніка вобласці, з'яўляецца паўночная частка раёна. У філіяле ”Тепличный“ РУП ”Витебскэнерго“ дадзеныя восеньскія даручэнні па навядзенні парадку і забеспячэнні тэхналагічнай дысцыпліны ў раслінаводстве не выкананы. Па гэтай прычыне тутэйшыя палі азімых і яравых культур не ідуць ні ў якое параўнанне з збожжавым клінам у ААТ ”Аграфірма Юбілейны“, КУСП ”СГЦ Задняпроўскі“, СПК ”Ларынаўка“, хоць пасевы вяліся практычна адначасова. Гледзячы на травы першае ўкараненне ў ”Тепличном“, плакаць хочацца.
Прычыну такога рэзкага кантрасту старшыня аблвыканкама бачыць у слабасці агранамічнай службы гаспадаркі, што вядзе да адсутнасці культуры земляробства, невыканання тэхналагічных працэсаў пры апрацоўцы глебаў, якія тут вельмі адчувальныя да агратэхнікі.
Падверглася крытыцы і палітыка кіраўніцтва ”Цеплічнага“ ў жывёлагадоўчай сферы, агародніцтве. Для таго, каб акупіць інвестыцыі, укладзеныя ў абнаўленне матэрыяльнай базы па гэтых напрамках, гаспадарцы неабходна патурбавацца аб нарошчванні пагалоўя буйной рагатай жывёлы, прааналізаваць сабекошт агародніннай прадукцыі. Бо выручка на аднаго працуючага тут у чатыры (!) разы ніжэйшая, чым, напрыклад, у СПК ”Ларынаўка“ таго ж Аршанскага раёна. А той факт, што ўласная (зусім не купленая!) электраэнергія ў сабекошце памідораў, якія вырошчваюцца ў мясцовым цяплічным камбінаце, складае парадку 60 працэнтаў, інакш як недарэчным анекдотам нават не ўспрымаецца. Але, тым не менш, мае месца быць. Такім чынам, узровень спецыялістаў, якія не бачаць і не разумеюць гэтага, або слабы, або безадказны – такое заключэнне старшыні аблвыканкама з убачанага ў філіяле ”Цеплічны“.
– Усе сельскія гаспадаркі, якія інтэграваныя з арганізацыямі-інвестарамі, павінны быць прыбытковымі, – паставіў перад кіраўнікамі задачу Мікалай Мікалаевіч. – Неабходна пралічваць эфектыўнасць фінансавых укладанняў, зробленых у эканоміку сельгаспрадпрыемстваў. А пакуль інвестары ў інтэграваных структурах працуюць пераважна як фінансавыя ”пажарнікі“: патрэбны калгасу грошы – на! Так быць не павінна і не будзе. Што тычыцца непасрэдна сельскагаспадарчага філіяла ”Цеплічны“ РУП ”Віцебскэнерга“, вызначаем перспектывы яго далейшага развіцця і бярэм дзейнасць на жорсткі кантроль.
Падобная сітуацыя склалася і ў КУСП ”Межава“, ААТ ”Маяк Высокае“. Разам з ”Цеплічным“ яны займаюць каля трэці зямель раёна. Між тым раённая ўлада, раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Аршанскага райвыканкама слаба ўплываюць на павышэнне рэзультатыўнасці гаспадарання менавіта тут, у паўночнай зоне рэгіёна, забяспечваючы станоўчыя паказчыкі работы сельскай гаспадаркі пераважна за кошт паўднёвай часткі Аршаншчыны. Гэта ў корані няправільная практыка, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Эфектыўным павінен быць кожны гектар сельгасугоддзяў.
Сельская гаспадарка патрабуе пастаяннай, сістэмнай працы. Толькі пры такім падыходзе будзем мець станоўчы вынік, – рэзюмаваў М.Шэрстнёў.
Людміла Мышлёнак,
галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі аблвыканкама