На падрыхтоўку Віцебска да XX фестывалю "Славянскі базар" накіравана больш Br120 млрд.
28 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло — БЕЛТА/. На развіццё інфраструктуры і добраўпарадкаванне Віцебска да юбілейнага XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" накіравана больш за Br120 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў.
Рашэннем Віцебскага гарвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы абласнога цэнтра да галоўнай культурнай падзеі Беларусі. Плануецца, што да 1 ліпеня будзе завершаны касметычны рамонт Летняга амфітэатра, добраўпарадкаваны абласная філармонія, Літаратурны музей, музей Ільі Рэпіна ў Здраўнёва, будынак Ратушы — на ўсіх гэтых аб'ектах праходзяць фестывальныя мерапрыемствы.
Найбольшы аб'ём работ запланаваны ў канцэртнай зале "Віцебск". Да пачатку фестывалю будзе рэканструявана вялікая зала. Тут з'явіцца новае пастановачнае асвятленне, сістэмы гукавога ўзмацнення, відэапаказу, перакладу маўлення, тэхналагічнага тэлебачання.
Шматлікіх гасцей фестывалю абноўленымі сустрэнуць аэрапорт, чыгуначны і аўтобусны вакзалы. Па традыцыі да міжнароднага форуму мастацтваў у абласным цэнтры будуць здадзены ў эксплуатацыю новыя аб'екты: піраміда бізнес-цэнтра "Марка-сіці", рэстараны, новыя прыстані на Заходняй Дзвіне, з якіх турысты будуць адпраўляцца ў падарожжа па воднай роўнядзі на белым параходзе.
Агульны кошт работ па добраўпарадкаванні фестывальнай сталіцы ацэньваецца больш чым у Br370 млрд.
XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня.-0-