На палове даследаваных азёр у Віцебскай вобласці рыба адчувае недахоп кіслароду
10 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Звыш паловы даследаваных азёр у Віцебскай вобласці маюць утрыманне растворанага кіслароду менш за норму, што ўяўляе небяспеку для рыбных угоддзяў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна.
Абласная і міжраённыя лабараторыі аналітычнага кантролю Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў правялі даследаванне 64 водных аб'ектаў, з іх 37 вадаёмаў маюць утрыманне растворанага кіслароду менш за ўстаноўленую норму 4 мг/куб.дм, а ў 5 вадаёмах выяўлена крытычнае ўтрыманне растворанага кіслароду - менш за 1 мг/куб.дм. Трывогу прыродаахоўнага ведамства выклікаюць азёры Лясное і Сітнянскае ў Лёзненскім раёне, возера Царкавішча ў Глыбоцкім, Белькі ў Пастаўскім і штучны вадаём Галава на Шаркаўшчыне.
Як патлумачыла Таццяна Ясюліна, найбольш эфектыўным спосабам папярэджання зімовых замораў рыб на вадаёмах з'яўляецца ўладкаванне прарух - прыкладна 5 на гектар плошчы. Бурыць прарухі рэкамендуецца як у цэнтры, так і па перыметры. У нацыянальным парку "Браслаўскія азёры" на дапамогу рыбе прыйшла тэхніка: тут сталі насычаць азёры кіслародам з дапамогай кампрэсараў, як у акварыуме. У камітэце таксама разлічваюць на дапамогу ў бурэнні лунак арандатараў і аматараў зімовай рыбалкі.
На падставе правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, у адпаведнасці з пастановай Мінпрыроды ў рыбалоўных угоддзях Віцебскай вобласці ў сувязі з узнікненнем заморных з'яў грамадзянам дазволена лавіць рыбу да 15 сакавіка без захавання прамысловай меры і нормы вылаву рыбы, таксама адменена норма вылаву рыбы, якая не дасягнула прамысловай меры. -0-