На павышэнне пажарнай бяспекі буйных сацыяльных аб'ектаў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе будзе накіраваны Br1 млрд.

11 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На павышэнне пажарнай бяспекі аб'ектаў з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей у 2010 годзе з бюджэту Віцебскай вобласці будзе выдзелены Br1 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас каардынацыйнай нарады па пытанні прафілактыкі п'янства, злачынстваў і іншых правапарушэнняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сродкі будуць накіраваны на правядзенне работ па вывадзе сігналу з аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, устаноўленай на аб'екце, непасрэдна на дыспетчарскі пункт МНС. Пасля атрымання такога сігналу пажарны разлік, не чакаючы дадатковага званка, адразу ж па трывозе выязджае на аб'ект. Па словах начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіля Чакана, у цяперашні час у вобласці такім чынам абсталяваны лічаныя адзінкі аб'ектаў (сацыяльныя ўстановы, аб'екты грамадскага харчавання, аховы здароўя, адукацыі, інтэрнаты, гасцініцы і інш.). Гэтыя работы неабходна выканаць больш чым на 1,1 тыс. аб'ектаў, у тым ліку на 60 яшчэ трэба папярэдне ўсталяваць сігналізацыю. Як паведамілі ў МНС, у Віцебскай вобласці знаходзіцца звыш 1,5 тыс. аб'ектаў з масавым або кругласутачным знаходжаннем. За мінулы год на іх адбылося 4 пажары.-0-