На свята мастацтваў у Верхнядзвінск прыедуць дзіцячыя творчыя калектывы з Расіі і Эстоніі
26 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Свята мастацтваў "Дзвіна - Дзвіна - Daugava" збярэ 31 мая ў Верхнядзвінску дзіцячыя творчыя калектывы з розных гарадоў Віцебскай вобласці, Масквы (Расія) і Таліна (Эстонія), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Верхнядзвінскага райвыканкама Надзея Масквічова.
Мерапрыемства, арганізаванае ў 11-ы раз, прысвечана Году роднай зямлі і пройдзе пад дэвізам "Зямлі маёй зачараванне". Яго галоўнай падзеяй стане традыцыйны конкурс дзіцячых тэатраў мод "Ззянне", які адбудзецца на базе раённага Дома культуры. Удзельнікі прапануюць увазе членаў журы і гледачоў па дзве калекцыі. Найбольш цікавыя і крэатыўныя будуць адзначаны дыпломамі і прызамі.
У святочную праграму ўваходзяць таксама шматлікія выступленні дзіцячых і юнацкіх вакальна-інструментальных калектываў. У агульнай складанасці Верхнядзвінск чакае каля 160 юных артыстаў. Акрамя таго, будуць арганізаваны выставы работ народных майстроў, дзіцячай школы мастацтваў. Свята весялосці і забаў чакае ўсіх удзельнікаў у гарадку атракцыёнаў.
Фестываль прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня.-0-