На свята Успення праз цэнтр Віцебска прайшоў хрэсны ход
У Віцебску 28 жніўня адбыўся гарадскі хрэсны ход у гонар вялікага праваслаўнага свята – Успення Прасвятой Багародзіцы.
Гэтай віцебскай традыцыі ўжо каля 20 гадоў. Пакуль у абласным цэнтры гэта адзіны маштабны праваслаўны хрэсны ход. Яго ўдзельнікі заўсёды нясуць наперадзе адну і тую ж святыню – вялікі абраз Успення Прасвятой Багародзіцы. Як правіла, яго пераносяць на руках вайскоўцы, але ў гэты раз абраз неслі святары.
Па традыцыі вернікі прайшлі праз цэнтр горада – ад Свята-Георгіеўскага храма да Свята-Успенскага кафедральнага сабора. Як звычайна, па шляху руху працэсіі, на праспекце Чарняхоўскага, вуліцах Леніна і Суворава, да іх далучаліся прыхаджане іншых віцебскіх цэркваў – Свята-Пакроўскай, Свята-Благавешчанскай і Свята-Васкрасенскай.
Затым каля сцен галоўнага храма Прыдзвіння прайшоў малебен, які ўзначаліў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый.
Сёлета ў хрэсным ходзе прынялі ўдзел каля 1,5-2 тысяч вернікаў. “Як прыгожа! І колькі шмат людзей ідзе!” – захоплена дзялілася з кімсьці па тэлефоне адна з удзельніц духоўнай акцыі.
Але аўтар гэтых радкоў дазволіць сабе не пагадзіцца з апошнімі словамі. Для амаль 370-тысячнага горада, у цэнтры якога праваслаўныя храмы стаяць амаль на кожным кроку (і дзе запланавана будаўніцтва яшчэ аднаго вялікага сабора – Сафійскага), гэта вельмі нават няшмат. Для параўнання: у Полацку, у якім пражываюць каля 83 тысяч чалавек, каля 2 тысяч чалавек, калі не больш, удзельнічаюць штогод у хрэсных ходах 5 чэрвеня, у дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай. І, у адрозненне ад Віцебска, у іх разам з народам ідуць свецкія ўлады, у прыватнасці, мэры Полацка і суседняга Наваполацка.
Успенне Прасвятой Багародзіцы – апошні двунадзесяты непераходны свята царкоўнага года (богаслужэбны царкоўны год пачынаецца 1 верасня). Паводле падання, Багародзіца пасля ўзнясення Ісуса Хрыста жыла на зямлі яшчэ некалькі гадоў. Пры пахаванні Божай Маці адбылося шмат цудаў: ад дотыку да яе адра празіралі сляпыя, вылечваліся хворыя. Свята называецца Успеннем, таму што Прасвятая Марыя памерла ціха, нібы заснула, а таксама за кароткі час знаходжання яе цела ў труне – праз тры дні Багародзіца была ўваскрошана Госпадам і ўзнята на неба. У народзе Успенне з'яўляецца таксама святам завяршэння жніва.