На прадпрыемстве ў Аршанскім раёне сёння вырабляюць 14 відаў бярозавага соку
Менавіта энергетыкі некалі асвоілі новую для сябе справу – перапрацоўку агародніны, садавіны, выраб напояў. Адкрыты ў сельскагаспадарчым філіяле «Цеплічны» кансервавы цэх штогод выпускае каля 60 тон бярозавага соку.
– Сёння на лінейцы 14 відаў бярозавага соку – з вішняй, трускалкай, журавінамі, яблыкам, апельсінам, шыпшынай, чабор і іншымі садавінай і травамі. Усе дабаўкі толькі натуральныя. У нашым прадукце няма кансервантаў, фарбавальнікаў, доўгае захоўванне забяспечваюць цукар (у нязначных колькасцях) і цытрынавая кіслата. А таксама дакладнае выкананне тэхналогіі, – тлумачыць намеснік дырэктара філіяла Таццяна Яскевіч.
На Міжнароднай выстаўцы харчовых прадуктаў і напояў «Прадэкспа», якая нядаўна прайшла ў Маскве, расіяне высока ацанілі якасць, смак і натуральнасць беларускага бярозавага соку. «Цеплічны» заключыў дагаворы аб пастаўках сваёй прадукцыі ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Так што наша марка атрымае і расійскую прапіску.
У Арэхаўску мы сустрэліся з чалавекам, які ніколі раней не спрабаваў бярозавы сок. На яго радзіме п'юць у асноўным какосавы. Так супала, што ў наш прыезд у «Цеплічны» каманда «Беларусь 24» здымала перадачу «Як гэта зроблена», каб прэзентаваць усяму свету (а вяшчае канал праз спадарожнік у многіх краінах) беларускія брэнды. Дарэчы, першы выпуск быў пра бабруйскі зефір, другі – пра мінскі гадзіннікавы завод, а трэці – пра бярозавы сок, выраблены на Аршаншчыне. Дэгуставаў яго прадстаўнік Шры-Ланкі – студэнт Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Імаш Перэра.
– Вельмі смачна! – захапіўся Імаш, які паспрабаваў бярозавы сок з рознымі дабаўкамі. – Больш за ўсё спадабаўся з апельсінам.
Першапачаткова ў 1991 годзе ў Арэхаўску выпускалі толькі бярозавы з цукрам. У якасці першай дабаўкі па ініцыятыве тагачаснага кіраўніка Васіля Каваленкі сталі ўжываць кмен.
– У дырэктара ў кабінеце заўсёды стаяла слоік соку з кменам, ён усіх частаваў, казаў пра карысць напою для страўніка. Сёння мы таксама выпускаем з кменам. Гэты сок на аматара, – тлумачыць Таццяна Яскевіч і раскрывае сакрэт, што хутка з'явіцца і з ананасам.
А ў наступным годзе плануюць пашырыць асартымент да 20 відаў. Важная дэталь: сок разліваюць толькі ў экалагічную шкляную тару – трохлітровыя слоікі і бутэлькі па 0,75 літра.
У сезон кожны дзень у цэх паступае з розных лясніцтваў вобласці да 10 тон свежага соку. Дастаўляюць яго ў пластыкавых кубах і цыстэрнах і адпраўляюць у лабараторыю. Тут сыравіну правяраюць на празрыстасць і сухія рэчывы.
– Па зместу сухіх рэчываў вызначаюць якасць карыснага напою. Яна залежыць ад таго, у якім месцы нарыхтоўваюць (у нізіне – больш вады). Па гэтым паказчыку можна зразумець, разбаўлены сок вадой ці не, – расказвае мікрабіёлаг Анастасія Сцец.
Перапрацаваць паступіўшую сыравіну трэба на працягу 24 гадзін. Таму ў пік яе збору цэх працуе ў дзве змены. Бывалі выпадкі, што сок адпраўлялі назад у лясгас: не атрымаў дабро мясцовага АТК – быў мутным. А той, што прайшоў кантроль, ішоў на варку, якая доўжыцца 45 хвілін пры тэмпературы да 90 градусаў. Затым яго разліваюць у тару, закочваюць вечкамі і на дзве гадзіны змяшчаюць у аўтаклавы. Адтуль – на ўпакоўку.
– Самі п'яце бярозавы сок? – пытаюся ў Таццяны Яскевіч.
– Вядома. І сама закочваю. Сёлета – 150 літраў нарыхтавала, з апельсінам, цытрынай, барбарысам, мятай і мелісай, – адказвае суразмоўніца.
У прамысловых жа маштабах вытворчасць бярозавага соку плануюць скончыць на гэтым тыдні. Потым перабудуюцца на выпуск іншых кансерваў. Таццяна Яскевіч раіць мясцовы таматны сок прамога адціску. Без вады – толькі таматы. А таксама запрашае прыехаць, калі пачнецца сезон шокавай замаразкі агародніны і ягад. Першай на лінію паступіць клубніцы.