На працягу ўсёй наступнай седміцы беларусы адзначаюць Каляды
Няма ў годзе больш насычанага вясёлымі падзеямі перыяду, чым з 6 па 19 студзеня, які ў народзе называюць Калядамі. Гэта традыцыйнае свята язычнага паходжання ў славянскіх народаў, звязанае з зімовым сонцастаяннем, пазней прымеркаванае да Раства і Калядных святак. Неад'емнымі яго атрыбутамі з'яўляліся пераапрананні (калядаванне з выкарыстаннем футраў, масак і рогаў), калядаванне, спеў спецыяльных песень, гульні, забавы і танцы.
Па звычаі Каза са сваёй світай ходзіць па вёсцы, заходзіць у хаты, выконвае калядныя песні, жадае здароўя і дабрабыту гаспадарам у новым годзе. За пажаданні людзі шчодра частуюць калядоўшчыкаў. Каза – гэта старажытны сімвал жыццёвай сілы і пладавітасці. Гэту сілу яна прыносіць гаспадару дома і яго зямлі, полю, каб лепш нарадзіўся хлеб. Нездарма ў калядных песнях гучаць такія словы: «Дзе Каза хадзіла – там жыта радзіла!».
Пазнаёміцца з народнымі звычаямі, прыняць удзел у традыцыйных гульнях і забавах можна было 7 студзеня ў Культурна-гістарычным комплексе
««Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Там праходзіла святочная забаўляльная праграма «Віцебскія Каляды», галоўнымі героямі якой сталі Дзед Мароз, Снягурка і пераапранутыя, быў арганізаваны канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці, працавалі выстава-продаж вырабаў народных рамёстваў і промыслаў, выстава «Казкі Раства». Адным словам, было весела!Алена Пятрова