На развіццё дамоў-інтэрнатаў Віцебскай вобласці за I паўгоддзе накіравана Br32 млрд.

27 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На развіццё стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе накіравана Br32 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. За кошт гэтых сродкаў выкананы шэраг мерапрыемстваў па рамонце дамоў-інтэрнатаў. Так, Br12 млрд. асвоена на рэканструкцыі Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых інвалідаў з будаўніцтвам жылога корпуса на 105 месцаў і медблокам у населеным пункце Новыя Ясеневічы Пастаўскага раёна, пачатай у 2011 годзе. На аб'екце завершана цагляная муроўка, устаноўлена воданапорная вежа, ажыццяўляецца будаўніцтва дарогі і добраўпарадкаванне тэрыторыі, унутраныя тынкавальныя і абліцовачныя работы. Вядзецца рэканструкцыя адміністрацыйна-гаспадарчага будынка Варонаўскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Бернікі Віцебскага раёна, капітальны рамонт з мадэрнізацыяй жылога корпуса Глыбоцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. На апошнім на стадыі завяршэння работы па 3-м паверсе 5-павярховага жылога корпуса, вядуцца абліцовачныя і афарбовачныя работы, добраўпарадкаванне тэрыторыі. У Луначарскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў (Верхнядзвінскі раён) праведзена ўцяпленне сцен, замена аконных блокаў. Фінансаванне работ па будаўніцтве станцыі абезжалезвання з сеткамі водазабеспячэння для Селюцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната ў памеры Br0,7 млрд. запланавана ў другім паўгоддзі. Бягучы рамонт жылых памяшканняў, санузлоў, сталовых, інжынерных сетак і камунікацый у ходзе падрыхтоўкі да восеньска-зімовага перыяду ажыццяўляецца і ў іншых дамах-інтэрнатах Віцебскай вобласці. Усяго на іх умацаванне і развіццё сёлета запланавана накіраваць Br56,6 млрд., у тым ліку Br50 млрд. за кошт даходаў, атрыманых ад капіталізацыі часова свабодных сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. -0-