На развіццё сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці ў 2011 годзе будзе накіравана Br770 млрд.

30 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На развіццё сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці ў 2011 годзе будзе накіравана Br770 млрд., што на 36% больш у параўнанні з 2010 годам. Аб гэтым паведаміў сёння падчас наведвання медыцынскіх устаноў Віцебска старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Самая пільная ўвага ў наступным годзе будзе нададзена абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў. У лік галоўных аб'ектаў уваходзяць абласныя клінічныя бальніцы - інфекцыйная, дзіцячая і дарослая, анказаспаністальны дыспансер, туберкулёзны дыспансер. Па словах губернатара, з 2012 года ў адпаведнасці са стратэгіяй развіцця сістэмы аховы здароўя вобласці ў рэгіёне плануецца прыступіць да будаўніцтва новых аб'ектаў і стварэння абласных навукова-практычных цэнтраў на базе буйных медустаноў. Аляксандр Косінец адзначыў, што ў студзені-жніўні бягучага года каэфіцыент нараджальнасці ў Віцебскай вобласці склаў 10,2 на тысячу жыхароў, а каэфіцыент смяротнасці - 16,6. Наступная пяцігодка ва ўсіх сферах Віцебскай вобласці пройдзе пад знакам інавацый. У сувязі з гэтым значная ўвага будзе нададзена таксама развіццю сістэмы адукацыі, сродкі на якую складуць Br1,1 трлн., што на 41% больш, чым у 2010 годзе, дадаў губернатар.-0-