На развіццё Віцебска ў 2011 годзе з абласнога бюджэту плануецца вылучыць Br100 млрд.

30 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На развіццё Віцебска ў 2011 годзе з абласнога бюджэту плануецца вылучыць Br100 млрд., паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на V сесіі Віцебскага гарсавета, дзе абмяркоўвалася праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця абласнога цэнтра на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Гэтыя сродкі прадугледжваецца накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, далейшую рэалізацыю гарадской праграмы "Дворы", а таксама на рамонт і мадэрнізацыю аб'ектаў сацыяльнай сферы. "Аднак і самому гораду неабходна паклапаціцца аб тым, каб яго бюджэт перастаў быць датацыйным і з'явіліся сродкі на дэпазітных рахунках", - падкрэсліў губернатар. На яго думку, пры распрацоўцы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця горада неабходны прагматычны падыход. У прыватнасці, варта паскорыць мадэрнізацыю буйных прадпрыемстваў, такіх як заводы "Вістан", "Візас", "Віцязь", "Маналіт", і правесці яе на працягу двух-трох гадоў. Да 2015 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў горада павінна скласці не менш за 15%. Інавацыйныя віды прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці складуць 21%. Як лічыць Аляксандр Косінец, абласному цэнтру неабходна развіваць сферу паслуг. Іх аб'ём да канца наступнага пяцігоддзя трэба павялічыць у 2,5 раза ў параўнанні з 2010 годам. За пяць гадоў Віцебску трэба будзе пабудаваць 1,8 млн. кв.м жылля. Пры праектаванні новых мікрараёнаў неабходна закладваць аб'екты сацыяльнай сферы - паліклінікі, школы, дзіцячыя сады. "Кожны адміністрацыйны раён Віцебска павінен распрацаваць і зацвердзіць уласную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця", - лічыць губернатар. "У Віцебску не павінна быць ні цэнтра, ні ўскраін: горад павінен быць аднолькава зручным і камфортным для яго жыхароў", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.-0-