На рэалізацыю 13 імпартазамяшчальных праектаў у Віцебскай вобласці плануецца вылучыць Br12,5 млрд.
17 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці сёлета рэалізуецца 13 імпартазамяшчальных праектаў, па якіх запланавана вылучыць Br12,5 млрд. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязей Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Ціханаў.
У дзяржаўную праграму ўключаны два праекты па імпартазамяшчэнні: СААТ "Фортэкс - водныя тэхналогіі", які прадугледжвае пашырэнне вытворчасці тэхналагічнага абсталявання ў галіне ачысткі прыродных і сцёкавых вод, а таксама спецыяльнага абсталявання для энергетычных, хімічных вытворчасцей, аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і УП "Палімерканструкцыя", накіраваны на развіццё вытворчасці водаачышчальнага абсталявання.
У першым паўгоддзі на рэалізацыю праектаў выдзелена Br3,2 млрд, што дазволіла выпусціць прадукцыі на суму $2,9 млн, экспартавана на $0,9 млн. Умоўная эканомія валютных сродкаў склала $0,3 млн.
Найбольш паспяхова развіваюцца імпартазамяшчальныя праекты на ААТ "Тэхналіт Полацк", ААТ "Полацкі завод "Праммашрэмонт", ААТ "НПП "Тэрмапас", ТАА "Полацкая папяровая кампанія", дадаў Аляксандр Ціханаў. На ААТ "Тэхналіт Полацк" праведзены выпрабаванні, атрыманы сертыфікат адпаведнасці тармазной калодкі для лакаматываў тыпу "М", якая будзе вырабляцца ў найбліжэйшы час. На ААТ "Полацкі завод "Праммашрэмонт" рэалізуецца імпартазамяшчальны праект - арганізацыя вытворчасці загрузчыка борцевага ЗБ-24. Доследны ўзор загрузчыка праходзіць прыёмачныя выпрабаванні. ААТ "НПП "Тэрмапас" арганізавана вытворчасць высокаэфектыўных цеплаабменных апаратаў на мясцовых відах паліва. Павялічаны аб'ём вытворчасці і пашыраецца асартымент папяровых вырабаў бытавога і санітарна-гігіенічнага прызначэння (папяровыя сурвэткі, туалетная папера, папяровыя ручнікі) вытворчасці ТАА "Полацкая папяровая кампанія". -0-