На рэалізацыю беларуска-латвійскага турпраекта "Бела Дзвіна" накіравана больш за 500 тыс. еўра
8 ліпеня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэкларацыю аб супрацоўніцтве ў турыстычнай сферы падпісалі сёння беларускія і латвійскія ўдзельнікі трансгранічнага праекта "Бела Дзвіна - Перасякаючы межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёна Заходняй Дзвіны/Даугавы" ("Бела Дзвіна") у Полацку на міжнароднай канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дэкларацыя аб супрацоўніцтве ў галіне турызму на прасторы "Бела Дзвіна" паміж памежнымі раёнамі Віцебскай вобласці і Латгальскім рэгіёнам прадугледжвае сумесную працу па папулярызацыі турыстычнага рэгіёна "Бела Дзвіна", вырашэнне пытанняў трансгранічнага планавання турыстычных аб'ектаў, распрацоўку і ўкараненне супольных трансгранічных ініцыятыў і праектаў. Дакумент падпісалі 9 рай- і гарвыканкамаў Віцебскай вобласці, Латгальскі рэгіён развіцця.
Праект "Бела-Дзвіна" рэалізоўваўся на працягу 2008-2010 гадоў у рамках праграмы ЕС "Рэгіён Балтыйскага мора - ІНТЭРЭГ IIIВ - Праграма Дабрасуседства - ІНТЭРЭГ IIIА - Прыярытэт Латвія-Літва-Беларусь (Поўдзень)". Яго ўдзельнікамі з'яўляюцца Полацкі гарвыканкам, Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Мёрскі, Расонскі, Шаркаўшчынскі раёны і 6 раёнаў Латвіі. Партнёрамі праекта таксама сталі Латгальскае агенцтва рэгіянальнага развіцця (Латвія), Віцебскі цэнтр рэгіянальных даследаванняў і распрацовак, установа "Інтэракцыя" Нямецка-беларускага дома ў Беларусі.
На яго ажыццяўленне было накіравана звыш 560 тыс. еўра, у тым ліку больш за 480 тыс. еўра - сродкі Еўрапейскага саюза. За гэты час было створана 12 маршрутаў, у тым ліку аўтамабільныя, водныя, веласіпедныя, конныя і змешаныя турыстычныя маршруты па Заходняй Дзвіне, якія пралягаюць па тэрыторыі Віцебскай вобласці і памежных раёнаў Латвіі, набыта рыштунак для турыстаў-ваднікаў, абсталявана 5 стаянак, створаны турысцка-інфармацыйныя цэнтры і пункты на тэрыторыі Віцебскай вобласці і Латвіі.-0-