На рэалізацыю мерапрыемстваў інвестпраграмы Віцебскай вобласці ў 2013 годзе плануецца вылучыць больш Br650 млрд.
На рэалізацыю мерапрыемстваў інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці ў 2013 годзе плануецца вылучыць больш Br650 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў.
Пры распрацоўцы інвестпраграмы будучага года асаблівая ўвага нададзена жыллёваму будаўніцтву, стварэнню інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў новых мікрараёнах, рэалізацыі комплекснай праграмы развіцця Полацка, рэканструкцыі і капрамонце ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, фізкультуры і спорту. Асноўнымі аб'ектамі, на якія, як чакаецца, будуць накіраваны інвестыцыі, у аблсавеце назвалі: спальны корпус кадэцкага вучылішча ў Лужасна, два жылыя дамы для дзяцей-сірот ва Уле Бешанковіцкага раёна і Талачыне, дзіцячы сад і палац гульнявых відаў спорту ў Полацку, Лядовы палац у Оршы, цэнтральная раённая бальніца ў Міёрах, манеж Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, паліклініка ў мікрараёне Юг-7, тэрапеўтычны корпус дзіцячай абласной бальніцы, лячэбны корпус №1 абласной інфекцыйнай бальніцы, корпус №2 абласнога анкалагічнага дыспансера ў Віцебску, базавая школа ў Літосава Сенненскага раёна, водна-аздараўленчы цэнтр у Докшыцах, культурна-аздараўленчы комплекс ва Ушачах.
У бягучым годзе на рэгіянальную інвестпраграму было прадугледжана накіраваць Br358,2 млрд. Асноўная доля інвестыцый укладзена ў сферу ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва - каля 49%, другімі па аб'ёме ўкладзеных сродкаў сталі ўстановы аховы здароўя. За кошт сродкаў інвестыцыйнай праграмы пабудаваны жылыя дамы для дзяцей-сірот у Браслаўскім і Ушацкім раёнах, праведзена рэканструкцыя гасцінічнага комплексу "Славянскі" і Доміка Пятра I у Полацку, завершана будаўніцтва бальніцы ў Шаркаўшчыне, аўтастанцыі ў Браславе.
Дзіяна Курыла - БЕЛТА