На рэках Беларусі працягваецца рост узроўняў вады вясенняй паводкі
29 сакавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. На рэках Беларусі працягваецца рост узроўняў вады веснавой паводкі з сутачнай інтэнсіўнасцю да 97 см, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Марына Нагібіна.
Гэта назіраецца на Заходняй Дзвіне, Дняпры, Бярэзіне, асобных участках Нёмана, Сожа і Прыпяці, большасці іх прытокаў. У выніку ўскрыцця Заходняй Дзвіны месцамі ўтварыліся заторы лёду з рэзкімі (136-148 см) сутачнымі ваганнямі ўзроўняў вады. За мінулыя трое сутак ускрыліся Заходняя Дзвіна ніжэй Віцебска, яе прытокі Ула, Аболь, Дзісна, Дняпро каля Магілёва, Бярэзіна каля Бярэзіна і Светлагорска, Сож на ўчастку Крычаў-Слаўгарад, Прыпяць каля Петрыкава і Нароўлі. Тут назіраюцца ледаход і рэшткі забярэгаў.
На Дняпры каля Рэчыцы лёд штучна разбураны і растае на месцы. На Заходняй Дзвіне вышэй Суража, на Дняпры вышэй вёскі Салаўёва, а таксама каля Жлобіна і Лоева, на Бярэзіне каля Бабруйска, рэках Дзісна і Беседзь захоўваецца ледастаў з палонкамі, закраінамі, месцамі адзначаецца рух лёду.
На Мінскім моры, Вілейскім вадасховішчы і возеры Нарач назіраецца ледастаў, аднак адзначаецца вада на лёдзе, з'явіліся разводдзі, лёд растае на месцы, таму выходзіць на лёд надзвычай небяспечна.
На рацэ Ула каля вёскі Бачэйкава ўзровень вады дасягнуў небяспечнай адзнакі. У цяперашні час таксама на Прыпяці на ўчастку мост Любанскі-Петрыкаў, Ясельдзе каля вёскі Сенін, Случы каля вёскі Ленін і Свіслачы каля вёскі Церабуты ўзроўні вады перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі на 4-126 см. Яшчэ пару дзён таму ўзровень вады дасягаў самай небяспечнай адзнакі каля горада Стоўбцы. Цяпер тут адбыўся спад, узровень вады апусціўся ніжэй небяспечнай высокай адзнакі.
Тым не менш шэраг аб'ектаў апынуліся ў зоне падтаплення. Да прыкладу, у Магілёўскай вобласці ў Хоцімскім раёне падтоплены мост праз раку Басядзь; у Мсціслаўскім раёне каля вёскі Засожжа - мост праз Сож, а каля вёскі Чырвоны бераг - мост праз раку Віхра. У Чавускім раёне каля вёскі Зарэчча затоплены ўчастак дарог перад мостам праз раку Проня, а ў Касцюковіцкім раёне каля вёскі Каладзіва падтоплены ўчастак аўтадарогі да моста праз раку Бесядзь. У Магілёўскім раёне ад ракі Друць (прыток Дняпра) падтоплены ўчасткі дарогі Сямукачы-Гарадзішча і часткі пераліўнага моста каля вёскі Гарадзішча, узровень вады над дарожным палатном складае 20-25 см, над палатном моста - 5-10 см.
У Мінскай вобласці ў Пухавіцкім раёне ад паводкі ракі Свіслач пацярпелі пабудовы садовых таварыстваў. У Віцебскай вобласці ў Бешанковіцкім раёне ў вёсцы Бачэйкава ад ракі Ула падтоплены падворкі і гаспадарчыя пабудовы. У Гомельскай вобласці ў Петрыкаўскім раёне ад разліву ракі Прыпяць у Петрыкаве, а таксама ў вёсках Снядзін і Ляскавічы падтоплены асобныя дамы, падворкі і гаспадарчыя пабудовы. На большасці рэк рэспублікі вада знаходзіцца на пойме.
У бліжэйшыя дні ўскрояцца Заходняя Дзвіна каля пасёлка гарадскога тыпу Сураж і Бярэзіна каля Бабруйска. Павышэнне ўзроўняў вады на большасці рэк будзе працягвацца, на Заходняй Дзвіне каля Верхнядзвінска, Бярэзіне каля Барысава, Пцічы каля вёскі Лучыцы ўзроўні вады дасягнуць небяспечных высокіх адзнак, а на Прыпяці каля Мазыра і Уборці, вёскі Краснабярэжжа наблізяцца да іх, адзначыла Марына Нагібіна.-0-