На рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку ў 2013 годзе будзе выдзелена Br3 млрд.
На рэканструкцыю з рэстаўрацыяй Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку ў 2013 годзе будзе выдзелена Br3 млрд., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская.
Фінансаванне аднаўленчых работ на помніку старажытнай архітэктуры будзе весціся на парытэтных асновах з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Як і ў ранейшыя гады, раскрыццём храмавых роспісаў будуць займацца спецыялісты "Белрэстаўрацыі" і міжрэгіянальнага навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення Міністэрства культуры Расіі. Да гэтага часу рэстаўратарамі раскрыта амаль дзве траціны насценнага жывапісу храма.
На працягу апошніх шасці гадоў у храме вядуцца актыўныя работы па рэстаўрацыі унікальных фрэсак эпохі Ефрасінні Полацкай. У першапачатковым выглядзе ўжо паўсталі фрэскі ў алтары, ахвярніку і дыяканніку - самых прыгожых частках царквы. Акрамя аднаўлення фрэсак дамангольскага перыяду рэстаўратары працуюць над адслойваннем насценнага жывапісу пачатку і канца XIX стагоддзя, калі адбывалася абнаўленне храма. Гэтыя фрэскі нанесены на палотны і будуць экспанавацца ў музеі. У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку вядзецца работа па музеефікацыі гэтых палотнаў.
У ходзе раскрыцця старажытных слаёў жывапісу некалькі гадоў таму былі выяўленыя расколіны на сценах, і ўзнікла неабходнасць рэстаўрацыі цокаля і ўздыму падлогі, усталяванай у больш позні перыяд, для таго, каб аднавіць ніжнюю частку насценнага жывапісу XII стагоддзя.
Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра па праве лічыцца жамчужынай усходнеславянскай архітэктуры. Паводле падання, царква была пабудавана з благаславення Еўфрасінні Полацкай – ігуменні Полацкага манастыра, і, як мяркуюць эксперты, задум роспісу таксама належыць ёй. Унікальнасць полацкіх фрэсак складаецца яшчэ і ў тым, што такі вялікі аб'ём старажытнага ўсходнеславянскага жывапісу захаваўся да нашых дзён толькі ў адным помніку – храме Міражскага манастыра ў Пскове. Праект рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы прадугледжвае рэстаўрацыю захаваных і кансервацыю ўжо адкрытых фрэсак XII стагоддзя, а таксама аднаўленне алейнага жывапісу XIX стагоддзя для яго асобнага экспанавання. Узнаўленне унікальнага жывапісу ўключана ў праграму "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады.