На Расоншчыне знайшлі падмурак капліцы, пабудаванай у знак перамогі ў вайне 1812 года
Знаходку, зробленую братамі-краязнаўцамі з Полацка Андрэем і Аляксеем Бухавецкімі, можна назваць сенсацыйнай як мінімум у маштабах Беларусі. У аграгарадку Клясціцы Расонскага раёна яны адкапалі фрагмент падмурка разбуранага ў 30-я гады мінулага стагоддзя помніка-капліцы, прысвечанага перамозе над французамі ў вайне 1812 года.
– Згодна з планам імператара Мікалая I, усяго было ўстаноўлена 6 помнікаў у месцах найбольш значных бітваў, – расказаў Андрэй Генадзевіч. – З іх першага класа помнік толькі ў Барадзіне. А другога – у Полацку, Клясціцах, Смаленску, Малаяраслаўцы і Красным. Манумент у Клясціцах быў апошнім. Яго будаўніцтва вёў інжынер-паручнік Дамарацкі па тыпе тых, што былі створаны архітэктарам з Санкт-Пецярбурга Антоніа Адаміні. У 1855 годзе пачалося ўзвядзенне помніка, у яго была закладзена памятная таблічка. А ў канцы 1856 года ён быў завершаны і акаймаваны агароджай з жалезных ланцугоў. Вялікая адлегласць ад павятовага, а тым больш губернскага цэнтра адыгрывала адмоўную ролю ў утрыманні помніка, яго рамонце і ахове. З часам ад цяжкасці падмурак даў асадку, некаторыя чыгунныя слупкі вакол паваліліся, амаль уся фарба асыпалася, бронзавыя дэталі пацямнелі. Толькі да стогадовага юбілею манумент прывялі ў парадак. 8 снежня 1910 года прыстаў I стана Дрысенскага павета паведамляў, што помнік каля храма апосталаў Пятра і Паўла "знаходзіцца ў добрым стане", і ў пацвярджэнне сваіх слоў прыклаў да рапарта серыю фотаздымкаў.
Па адным з тых здымкаў і вялі ў нашы дні пошукі браты-двайняты Бухавецкія. Не раз яны прыязджалі ў Клясціцы, спрабавалі капаць у розных кропках меркаванага месцазнаходжання падмурка.
– Зацікавіла тое, што дзе б ні выкапалі, – усюды былі булыжнікі і вапнавы раствор, – працягнуў суразмоўца. – Вялікая плошча паказвала на тое, што гэта не можа быць падмурак царквы. Менавіта такой велізарнай павінна была быць пляцоўка, каб трымаць больш за 200 тон помніка.
Хоць полацкія краязнаўцы і з'яўляюцца аматарамі, але ў тым, што тычыцца помнікаў, прысвечаных вайне 1812 года, яны падкованы больш, чым хто б то ні быў. Менавіта з іх дапамогай, дарэчы, было ўстаноўлена дакладнае месцазнаходжанне аналагічнага манумента ў Полацку і знойдзена пласціна са зваротам да нашчадкаў, закладзеная ў 1848 годзе.
Такі ж пласціну браты Бухавецкія хацелі б знайсці і ў Клясціцах. Але для гэтага патрэбныя паўнавартасныя археалагічныя раскопкі. А больш за ўсё краязнаўцы мараць, што тут, як і ў іх родным горадзе, на месцы старога фундамента будзе ўзведзена копія помніка.
– Полацкім "Тэхналітам" таксама выкананы і пазней устаноўлены помнікі ў расійскіх гарадах Краснае і Малаяраславец. Было б правільна і Клясціцам вярнуць іх гісторыю, – лічаць браты.
Ці варта казаць, што мясцовыя жыхары, якія ведаюць і ганарацца гераічным мінулым, жадаюць гэтага не менш. Таму і старшыня Клясціцкага сельсавета Мікалай Хамянок, калі Андрэй і Аляксей Бухавецкія звярнуліся да яго, адразу даў ім карт-бланш на вывучэнне мясцовасці і пошукі фундамента. Прысутнічаў ён і пры гістарычным моманце раскопак. Разам з дырэктарам мясцовай школы Таццянай Мельман і некалькімі вучнямі з цікаўнасцю разглядаў знойдзены ў зямлі багор XIX стагоддзя (крыху пазней, як паведамілі краязнаўцы, яны адкапалі маленькую дэкаратыўную дэталь калоны і другі болт ад помніка). А таксама Мікалай Міхайлавіч паабяцаў падвезці да месца знаходкі валун, на які можна будзе ўсталяваць падрыхтаваную Андрэем Бухавецкім памятную шыльду наступнага зместу:
"З надзеяй на аднаўленне гэтым каменем адзначана месца разбуранага ў 1939 годзе помніка-капліцы, узведзенага ў 1857 годзе па ўказе імператара Мікалая I у гонар перамог ля Якубава і Клясціц 18 і 19 ліпеня 1812 года. Тут 1-ы пяхотны корпус расійскіх войскаў П. Х. Вітгенштэйна, нанёсшы паражэнне французскаму корпусу маршала Удзіно, канчаткова спыніў наступленне французскіх войскаў на Санкт-Пецярбург".
Вiдавочна, на аднаўленне помнiка ў Клясціцах складана знайсці сродкі. Але, улічваючы яго значнасць у кантэксце Саюзнай дзяржавы, магчыма, мары энтузіястаў не такія ўжо і нерэальныя. Гэты апошні з шасці манументаў мог бы звязаць іх у адзіны гісторыка-турыстычны маршрут, годны асаблівай увагі.
Кацярына Князева, Віцебскія весці