На Сенненшчыне будуецца цэнтр адпачынку, па памерах не мае аналагаў у рэгіёне
Прырода шчодра адарыла Сенненшчыну натуральнымі вадаёмамі.
Грахом не скарыстацца такім багаццем для развіцця «зялёнага турызму», адзначае яго гарачы прыхільнік, кіраўнік райвыканкама Васіль Чараднік. Сёння ў раёне налічваецца амаль 20 аб'ектаў аграэкатурызму, размешчаных паблізу рэк і азёр. І іх будаўніцтва працягваецца. Кіраўнік раёна параіў наведаць узводзімы на беразе возера Дзявінскага цэнтр адпачынку, па памерах які не мае аналагаў у рэгіёне.Будоўля, а вядуць яе аршанскія спецыялісты (інвестары таксама з гэтага горада), сапраўды сур'ёзная. За два гады ў маляўнічым кутку за Богушэўскам з'явіліся 3 двухпавярховыя катэджы (адзін на 5 сем'яў і два на 4), падведзены ўсе неабходныя камунікацыі, для забеспячэння гасцей (а гэта, як плануецца, будуць людзі вышэй за сярэдні дастатак, у тым ліку з Расіі) чыстай вадой прабурылі 70-метровую артэзіянскую свідравіну. Пабудаваны міні-кацельня, гаспадарчы блок. Да паслуг адпачывальнікаў будзе і лазнячка.
Гаспадары плануюць прымаць наведвальнікаў кругласутачна, тым больш што возера, дзе будзе абсталяваны модульны прычал, падыходзіць для аматараў як летняй, так і зімовай рыбалкі. А што можа быць прыемней і карысней лыжнай прагулкі па дзікім сасновым бары!
Прадстаіць яшчэ нямала зрабіць, добраўпарадкаваць тэрыторыю па законах ландшафтнага дызайну. Аднак верыцца, што ніякія фінансавыя праблемы не перашкодзяць таму, каб неўзабаве яшчэ адным камфортным месцам для адпачынку на Віцебшчыне стала больш.
Алесь Бынькоў. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».