На сесіі абласнога Савета дэпутатаў разгледжаны пытанні фінансавання праграм малочнай галіны і прадпрымальніцтва

На дваццаць дзевятай пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання, якая адбылася ў аўторак, разглядалася тры пытанні, звязаныя з фінансаваннем пэўных праграм або пераразмеркаваннем бюджэтных патокаў.

Дэпутацкі корпус прыняў рашэнне аб унясенні змяненняў у рашэнне Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 18 снежня 2012 года № 233 «Аб абласным бюджэце на 2013 год», абумоўленае аб'яднаннем Аршанскага раёна і горада Орша ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Аршанскі раён, Полацкага раёна і горада Полацк – у Полацкі раён. Узнікла неабходнасць прывесці ў адпаведнасць з Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь нарматывы адлічэнняў асобных падаткаў у бюджэты базавага ўзроўню і ў абласную казну. Дэпутаты зацвердзілі новыя нарматывы адлічэнняў, але што асабліва важна – пры зліцці гарадскіх і раённых бюджэтаў рэгіёны ў фінансавым дачыненні нічым не прайграюць: у сумарным выражэнні змяненняў не прадбачыцца.

З пытаннем карэкціроўкі Праграмы развіцця малочнай галіны Віцебскай вобласці на 2012–2015 гады выступіў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра. У ходзе рэканструкцыі 228 малочнатаварных ферм узнікла неабходнасць замяніць некаторыя з іх у вызначаным першапачаткова спісе па прычыне адсутнасці тэхнічнай магчымасці і эканамічнай мэтазгоднасці іх абсталявання даільнымі заламі. Акрамя таго, аблсельгасхарч звярнуўся з просьбай вылучыць з абласной казны дадаткова 100 мільярдаў рублёў на пагашэнне ўтворанай запазычанасці перад будаўнікамі і фінансаванне пачатку работ у бягучым годзе з улікам росту затрат на рэалізацыю праграмы ў цэлым. Савет дэпутатаў вобласці пагадзіўся, што без прыняцця гэтых мер выкананне дадзенага комплексу работ немагчыма, і задаволіў просьбу кіраўніцтва АПК Віцебшчыны.

Напрыканцы пасяджэння была зацверджана Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Віцебскай вобласці на 2013–2015 гады, прадстаўленая да абмеркавання начальнікам упраўлення развіцця прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама Валянцінам Цвятковым, а раённым і гарадскім Саветам дэпутатаў прапанавана зацвердзіць адпаведныя рэгіянальныя праграмы. Прадпрымальніцтва на Віцебшчыне – гэта перспектыўны сектар эканомікі, які развіваецца. Між іншым, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў перавышае 25 тысяч чалавек, а юрыдычных асоб, занятых у сферы бізнесу, складае 8,9 тысячы. У апошнія гады назіраецца станоўчая дынаміка паказчыкаў, якія характарызуюць развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва вобласці. Аналіз размеркавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў разрэзе рэгіёнаў Прыдзвіння паказвае, што большая іх частка сканцэнтравана ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Полацку, Віцебскім, Полацкім, Пастаўскім раёнах. Рэалізацыя праграмы будзе спрыяць стварэнню спрыяльных умоў для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, стымуляванню яе развіцця па прыярытэтным напрамках, аказанню садзейнічання зноў створаным суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, лічыць старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў.


«ВР»