На Шуміліншчыне прайшла спартакіяда работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання вобласці
На мінулых выхадных на Шуміліншчыне на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Дружба» УП «Віцебскаблгаз» адбылася спартакіяда работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання нашай вобласці.
У мерапрыемстве (а прайшло яно ў найпрыгажэйшым месцы на беразе возера Будавесць) прынялі ўдзел 27 каманд, якія прадстаўлялі ўсе райвыканкамы, адміністрацыі гарадоў і, натуральна, аблвыканкам. Вось такая выйшла своеасаблівая сустрэча ў вярхах не проста без гальштукаў, а яшчэ і ў трэніровачных касцюмах. Аказалася, дзяржслужачыя не адрозніваюцца ад звычайных людзей ні ў зносінах, ні ў пачуцці гумару, ні ў рухомасці.
Гасцей сустракалі гасцінныя гаспадары. Творчыя калектывы газавікоў сваімі танцамі і песнямі падымалі настрой і баявы дух удзельнікаў. А факел спартакіяды запаліў сярэбраны прызёр Маскоўскай Алімпіяды па грэка-рымскай барацьбе Ігар Каныгін.
Прымаючы парад каманд, старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў падкрэсліў, што словы песні-гімна «у спорце трэба жыць ярка, перамагаць – сумленна» варта праецыраваць і на паўсядзённае жыццё. Кіраўнік вобласці адзначыў: прысутныя сваёй працай даказалі ў гэтым годзе, што годныя добрых паказчыкаў. А ў аснове перамог заўсёды ляжаць воля, цвёрдасць, характар. Акрамя таго, дадзенае мерапрыемства – гэта выдатны нагода мацней згуртавацца на аснове спартыўнай барацьбы, ды і проста пагутарыць у неафіцыйнай абстаноўцы, падзяліцца ўражаннямі.
На працягу двух дзён галоўныя героі гэтага займальнага фестывалю змагаліся ў пляжным валейболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, шашках, армрэстлінгу, настольным тэнісе і іншых відах спорту.
Вялікую цікавасць у гледачоў выклікалі спаборніцтвы па гіравым спорце. Нехта з прысутных пад апладысменты калег прапанаваў у выпадку, калі да снарада падыходзіць сам кіраўнік раёна, памнажаць яго вынік на 4. Аднак кіраўніку вобласці ніякая фора не спатрэбілася. Пад усеагульнае скандаванне «Ма-ла-дзец!» Мікалай Мікалаевіч за дзве хвіліны 75 разоў падняў над галавой двухпудовую гіру, абышоўшы больш маладых канкурэнтаў.
Як следства, падтрымаўшы пачын лідара, у агульнакамандным першынстве заслужаную перамогу атрымала зборная аблвыканкама, у тройцы прызёраў таксама Наваполацкі гарвыканкам і дружына адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.
Па гарачых слядах папрасіў падзяліцца ўражаннямі непасрэдных удзельнікаў свята.
Віктар Гутара, старшыня Пастаўскага райвыканкама:
– Адчуванні самыя прыемныя. Гэта такое свята пасля нядрэннага завяршэння ўборкі збожжавых! Што тычыцца актыўнага адпачынку, то ад нас, чыноўнікаў, шмат што залежыць. Трэба стварыць максімальна камфортныя ўмовы для развіцця масавага спорту. Будаваць пляцоўкі і басейны, чым мы ў сябе і займаемся. Ну і, вядома, нікуды без асабістага прыкладу.
Анатоль Лукашоў, старшыня Дубровенскага райвыканкама:
– Спорт – гэта дабро і здароўе. Таму аднолькава важныя перамогі і ў вытворчасці, і ў культуры, і ў спорце. Мы заўсёды гэта прывітаем, праводзім спаборніцтвы. На жаль, мне самому адказная пасада рэдка дазваляе займацца фізкультурай, але на спартакіядзе паўдзельнічаў у стральбе, спаборніцтвах па перацягванні каната і валейболе.
Ігар Каныгін, дырэктар абласнога цэнтра адзінаборстваў:
– Вельмі патрэбнае мерапрыемства. Адчуваю сябе, нібыта трапіў у «Відавочнае – неверагоднае». Проста не верыцца, што столькі кіраўнікоў вышэйшага ўзроўню вырашыліся пераапрануцца ў спартыўную форму. І месца ў выніковай табліцы тут, вядома, не самае важнае.
Радуе, што мінулыя старты паклалі пачатак яшчэ адной добрай традыцыі. Бо, як было сказана на свяце кіраўніком вобласці, спартакіяду маюць намер зрабіць рэгулярнай.
Алесь БЫНЬКОЎ, «Віцебскія весці». Фота аўтара.