На «Славянскім базары-2015» пройдзе «круглы стол»

На "Славянском базаре 2015" пройдет «круглый стол»

У мінулую суботу ў абласным цэнтры пад старшынствам віцэ-прэм’ера Беларусі Наталлі Качанавай прайшло пасяджэнне аргкамітэта XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Па словах дырэктара фестывалю Аляксандра Сідарэнкі, горад гатовы хоць заўтра сустракаць грандыёзны культурны форум. Перад пачаткам пасяджэння аргкамітэта Наталля Качанава разам з міністрам культуры Беларусі Барысам Святловым і старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Нікалайкіным агледзела асноўныя аб’екты, у прыватнасці, Летні амфітэатр (на фота), вулічныя пляцоўкі, дзе будуць праходзіць фестывальныя праекты.

– Мне ўпершыню даводзіцца быць старшынёй аргкамітэта «Славянскага базару». Людзі, якія займаюцца падрыхтоўкай гэтага знакавага для нашай краіны мерапрыемства шмат гадоў, дастаткова вопытныя. За мінулыя гады выпрацавалася канцэпцыя фестывалю. Думаю, што склаўшыяся традыцыі павінны захоўвацца. З’явяцца і новаўвядзенні. Усё нацэлена на тое, каб свята прайшло годна, цікава і для жыхароў Беларусі, і для шматлікіх гасцей, – адзначыла намеснік прэм’ер-міністра.

Пра адну з навінак расказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Упершыню ў рамках фестывалю пройдзе «круглы стол» на тэму «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцей. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў». Яго мэта – пашырыць уяўленне замежных журналістаў пра Беларусь, пра працэсы, якія адбываюцца ў сферы нацыянальнай культуры. Такая сустрэча павінна даць імпульс да таго, каб замежныя СМІ зацікавіліся і іншымі айчыннымі культуролагічнымі праектамі.

– Далёка не кожная краіна так сістэмна і мэтанакіравана надае ўвагу развіццю культуры. Мы павінны гэтым ганарыцца і ўсяляк пра гэта гаварыць, – заўважыла Лілія Ананіч.

У «круглым стале» прымуць удзел вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі. «Славянскі базар», як падкрэсліла міністр, гэта праект, які аб'ядноўвае краіны і народы, з'яўляецца мостам дружбы і супрацоўніцтва. Спіс акрэдытаваных журналістаў, які з году ў год пашыраецца, сведчыць пра тое, што фестываль цікавы, актуальны, з'яўляецца выдатнай інфармацыйнай нагодай. Лілія Ананіч таксама расказала, што сёлета вернецца ўзнагарода для журналістаў «Залатое пяро», яе будуць уручаць за лепшае асвятленне форуму.

Было абвешчана і імя артыста, чыя зорка з'явіцца на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення». Гэта старшыня цяперашняга журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, вядомы спявак і кампазітар, народны артыст Азербайджана Полад Бюль-Бюль аглы. Напярэдадні на прэс-канферэнцыі ў Маскве ён сказаў, што лічыць вялікім гонарам узначаліць судзейскую каманду такога маштабнага творчага спаборніцтва, выказаў упэўненасць, што фестываль пройдзе на высокім узроўні і адкрые новых зорак.