На «Славянскім базары» правялі грашовую рэформу
8 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Уласная грашовая рэформа адбылася на ХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які адкрываецца сёння. На знакамітым форуме ў абарачэнне выпушчаны новыя ўзоры фестывальных грошай "васількоў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фестывальныя грошы з'явіліся ў Віцебску практычна з нараджэннем "Славянскага базару". Ідэя заключалася ў тым, каб пазбавіць шматлікіх замежных гасцей і ўдзельнікаў форуму ад праблем з абменам нацыянальных валют, тым больш што ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя абменнікаў практычна не было. І хоць потым дэфіцыту пунктаў абмену валют не стала, "васількі" настолькі палюбіліся ўдзельнікам "Славянскага базару", што было вырашана ад іх не адмаўляцца.
Фестывальная валюта мае абмежаванае хаджэнне - ёю можна разлічвацца толькі ў рэстаранах, барах, кафэ і буфетах. А курс яе ўстаноўлены ў дачыненні да беларускага рубля адзін да аднаго. На першым "Славянскім базары" ў 1992 годзе "васількі" нагадвалі талоны. Але ўжо да другога фестывалю выпушчаны спецыяльныя купюры, на якіх была выяўлена эмблема віцебскага форуму - васілёк, які расце на нотным стане. Адсюль пайшла і назва фестывальнай валюты. А ў 1995 годзе "васількі" ўжо надрукавалі ў Маскве, як і сапраўдныя грошы, яны мелі шэраг ступеняў абароны. Пры распрацоўцы эскізаў купюр былі выкарыстаны гравюры вядомага віцебскага мастака Рыгора Клікушына, на якіх намаляваны віды старога Віцебска.
Як распавяла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара фестывалю Вольга Сальнікава, апошні раз "васількі" друкаваліся ў 2002 годзе і за гэты час купюры паспелі састарэць. Таму было вырашана да юбілейнага, дваццатага "Славянскага базару" выпусціць у абарачэнне "васількі" новага ўзору. Іх намінал і каляровае рашэнне адпавядае купюрам беларускага рубля. На асабовым баку адлюстраваны лепшыя варыянты сцэнаграфіі Летняга амфітэатра за апошняе дзесяцігоддзе. Так атрымалася, што аўтарам усіх адабраных варыянтаў з'яўляецца вядомы беларускі сцэнограф Зіновій Марголін. А на адваротным баку купюр размешчана фестывальная эмблема - кветка васілёк. Дарэчы, гісторыі фестывальных грошай прысвечана спецыяльная выстава, якая разгорнута ў залах віцебскага Духаўскага кругляка.-0-