На «Славянскім базары» ў горадзе майстроў будуць толькі аўтарскія вырабы
Доступ гандлёвых прадстаўнікоў, якія не з'яўляюцца майстрамі і рамеснікамі, для рэалізацыі тавараў у горадзе майстроў на пляцоўцы "Славянскага базару ў Віцебску" будзе абмежаваны. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын.
Гаворачы аб фестывальных пляцоўках, Віктар Глушын адзначыў, што сёлета больш актыўна будзе задзейнічана плошча Перамогі. "Акрамя таго, з улікам шматлікіх пажаданняў мы пастараліся зрабіць больш жорсткія патрабаванні да правядзення мерапрыемстваў. Так, горад майстроў, спадзяёмся, будзе менавіта майстроў: абмяжуем доступ іншых гандлёвых прадстаўнікоў", - падкрэсліў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама. Горад майстроў - адно з самых папулярных месцаў у тых, хто прыязджае ў Віцебск падчас "Славянскага базару". Адметнасцю гэтай пляцоўкі таксама з'яўляюцца святы-конкурсы майстроў народнай творчасці. Сёлета іх будзе чатыры: па выцінанцы - "Ажурныя мары", саламапляценні - "Папараць-кветка", лоскутным шыцці - "Віцебская мазаіка", традыцыйнай свістульцы - "Салавейка".
Таксама аматараў мастацкай творчасці прыцягваюць пешаходныя вуліцы Суворава, Талстога, тэрыторыя каля Кангрэс-хол "Віцебск", дзе можна палюбавацца і набыць карціны мясцовых і прыезджых мастакоў, знайсці цікавыя сувеніры і іншы тавар.
У цэлым фестывальныя пляцоўкі ўжо ў чаканні свята. "Горад заўсёды рады бачыць гасцей. Усе службы актыўна працуюць, каб фестываль быў яшчэ лепшым і яркім. І нават ноччу будзе светла, як днём: вы ўбачыце Віцебск ва ўсёй красе", - сказаў Віктар Глушын. Сёлета фестываль пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця форуму адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня. Асноўнымі падзеямі фестывалю стануць XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" і XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2019".