На «Славянскім базары ў Віцебску» будзе дамінаваць жывы гук
24 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. На канцэртах XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будзе дамінаваць жывы гук. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" - дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Арганізатары фестывалю выступаюць за жывое выкананне, хоць не заўсёды гэта ўдаецца вытрымаць. Цяперашні фестываль стане самым "жывым" за ўсю гісторыю яго правядзення, адзначыў Радзівон Бас. З жывым гукам пройдуць канцэрты Дзмітрыя Хвастоўскага, Райманда Паўлса, Юрыя Антонава, Аляксандра Серава, Тамаса Андэрса, Тота Кутуньё, Стаса Міхайлава, Алены Ваенгі, а таксама ўсе джазавыя праграмы. "Многія вядомыя артысты ўжо саромеюцца працаваць пад фанаграму на сольных выступленнях", - адзначыў прыемную тэндэнцыю дырэктар віцебскага фестывалю.
Паводле яго слоў, правядзенне такіх канцэртаў патрабуе адэкватнай тэхнічнай падрыхтоўкі і суправаджэння. У распараджэнні дырэкцыі фестывалю сёння самае сучаснае гукавое абсталяванне, якое дазваляе забяспечваць канцэрты на самым высокім узроўні. Так, нядаўна да віцябчан звярнуліся арганізатары мінскага канцэрта Элтана Джона з просьбай аб арэндзе шэрагу прыбораў, каб выканаць тэхнічны райдар сусветнай зоркі. "Але ў гэтым годзе і нам усё ж прыйшлося арандаваць абсталяванне па шэрагу пазіцый для таго, каб тэхнічна адпавядаць патрабаванням некаторых выканаўцаў", - сказаў Радзівон Бас. Напрыклад, для забеспячэння канцэрта Тамаса Андэрса прыйшлося арандаваць музычныя інструменты, у тым ліку барабанныя палачкі.
"Кантракт ёсць кантракт, і калі хочаш супрацоўнічаць са зоркамі, то павінен быць гатовы тэхнічна забяспечыць іх выступленне", - лічыць дырэктар фестывалю. Тым больш калі гаворка ідзе пра насычаную фестывальную праграму, калі ў адзін дзень на адной пляцоўцы праходзіць па 3-4 канцэрты, дадаў ён.
XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня.-0-