На «Славянскім базары ў Віцебску» пройдзе 21 канцэрт папулярных замежных выканаўцаў

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прайшло 2 мая ва ўрадзе пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Тозіка. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада. Абмяркоўваліся праграмы асноўных мерапрыемстваў фестывалю мастацтваў: урачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця фестывалю, Дзён Беларусі, Украіны, Саюзнай дзяржавы, моладзі. Усяго ў праграме фестывалю - 70 мерапрыемстваў, у тым ліку 21 канцэрт папулярных замежных выканаўцаў. Упершыню падчас "Славянскага базару" пройдзе Дзень моладзі, які ўключае міжнародны фестываль "Агонь танца" з удзелам танцавальных калектываў, якія прэзентуюць моладзевыя субкультуры. Падчас пасяджэння разглядаліся кандыдатуры да прадстаўлення на прысуджэнне спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Унесены прапановы па складзе журы і старшынь міжнародных конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" і дзіцячага музычнага конкурсу. Журы конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ўзначаліць кампазітар Максім Дунаеўскі, дзіцячага музычнага конкурсу - Джамал Сепіашвілі. На ўдзел у конкурсе выканаўцаў эстраднай песні паступіла 21 заяўка з 18 краін, а ў дзіцячым конкурсе - 21 заяўка з 21 краіны. Ва ўрадзе таксама разглядаліся варыянты інфармацыйнага забеспячэння фестывалю, у тым ліку формы супрацоўніцтва з замежнымі тэлерадыёкампаніямі, уключаючы магчымы продаж правоў на трансляцыю мерапрыемстваў фестывалю. "Абмяркоўвалася пытанне аб заключэнні дагавора Белтэлерадыёкампаніі з УГТРК (Расія) аб трансляцыі мерапрыемстваў XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", - удакладнілі ў прэс-службе. Унесены прапановы аб заахвочванні журналістаў за лепшую публікацыю, тэлерадыёсюжэт аб фестывалі. ДУ "Цэнтр культуры "Віцебск" інфармавала аб ходзе працы па прыцягненні спонсарскіх сродкаў і павелічэнні даходаў фестывалю, рэалізацыі білетаў. Даходы фестывалю плануецца павялічыць на 80% у параўнанні з 2011 годам. Анатоль Тозік асаблівую ўвагу звярнуў на недастатковае асвятленне ходу падрыхтоўкі да фестывалю ў сродках масавай інфармацыі. Было адзначана, што нацыянальныя тэлеканалы слаба пазіцыянуюць падрыхтоўчыя мерапрыемствы, адсутнічаюць матэрыялы аб новых аб'ектах Віцебска, якія рыхтуюцца, новых творчых праектах. Адсутнічае сістэмная праца Мінкультуры, упраўленняў культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама па арганізацыі ўдзелу маладых беларускіх прадстаўнікоў у адборачных турах міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" і міжнароднага дзіцячага конкурсу. Па выніках пасяджэння даручана Мінінфарму забяспечыць сістэмную працу па арганізацыі асвятлення ў СМІ ходу падрыхтоўкі фестывалю, размяшчэнні на нацыянальных тэлеканалах рэкламных ролікаў аб правядзенні мерапрыемстваў фестывалю, а таксама зацвердзіць палажэнне аб заахвочванні прадстаўнікоў замежных і нацыянальных СМІ за лепшую публікацыю, тэлерадыёсюжэт аб фестывалі. Мінкультуры і Віцебскаму аблвыканкаму даручана забяспечыць каардынацыю работы ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў для правядзення фестывалю на высокім арганізацыйным і творчым узроўні.-0-