На «Славянскім базары ў Віцебску» ўстаноўлена 2 сусветныя рэкорды па гіравым спорце

На «Славянском базаре в Витебске» установлено 2 мировых рекорда по гиревому спорту

Падчас Дня моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску» сілач з Гродна Яўген Назарэвіч 75 разоў падняў 50-кілаграмовую гіру ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі.


Беларуская федэрацыя майстроў гіравога спорту і сілавога жонгліравання на «Славянскім базары» правяла паказальныя выступленні сваіх спартсменаў. 7 атлетаў дэманстравалі майстэрства валодання гэтым снарадам. На помост выходзілі аматаPы розных узростаў. Самым яркім было выступленне гродзенскага сілача Яўгена Назарэвіча, які ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 75 разоў падняў 50-кілаграмовую гіру.

За выступленнем гіравікоў назіралі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін і іншыя прадстаўнікі мясцовай улады. Таксама кіраўнік рэгіёна ўзнагародзіў пераможцаў чэмпіянату Беларусі па скейтбордзе, які праходзіў на нядаўна адкрытай пляцоўцы каля Летняга амфітэатра і нават выканаў пад'ём з пераваротам на турніку, дзе дэманстравалі свае навыкі варкаўтары.

-- Захапляюся тым, як узроставыя і маладыя спартсмены працуюць з гірай. Нягледзячы на палючае сонца, падымаюць снарад па 100-200 разоў. Побач – выступаюць аматары варкаўта і скейтборда, гэтыя віды спорту прывабныя для моладзі. Скейтборд ужо ўключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў, віцябляне на рэспубліканскіх стартах прабіліся на п'едэстал, значыць, нам трэба ствараць умовы для заняткаў. Кожны год у Віцебскай вобласці адкрываюцца спартыўныя залы, пляцоўкі, ФАКі і гэту працу мы будзем працягваць, як і прывіваць любоў жыхароў рэгіёна да спорту, -- адзначыў Мікалай Шарстнёў. -- Тое, што Яўген Назарэвіч усталюе рэкорд у гіравым спаборніцтве, не сумняваўся, ведаючы яго характар.

Яўген Назарэвіч распавёў журналістам, што сваімі спартыўнымі дасягненнямі хоча праслаўляць Радзіму, дэманстраваць, што беларусы – добры і моцны народ.

-- Да гэтага рэкорду ішоў усю кар'еру, з наскоку так не атрымаецца выступіць. Удзячны свайму трэнеру Анатолю Яжову. Дарэчы, 50-кілаграмовую гіру напярэдадні Дня Незалежнасці атрымаў ад майстра з Херсона, -- распавёў Я. Назарэвіч.

"Віцьбічы". Фота "Віцьбічы" і "Віцебскія весці".