На «Славянскім базары» заўсёды пануе ўнікальная атмасфера міжнацыянальнай дружбы – Аляксандр Лукашэнка
"Мінулае і сучаснасць не толькі ў культуры, але і ў лёсе людзей сплятаюцца тут разам, робяць гэту падзею блізкай для ўсіх, хто разумее прыроду духоўнай роднасці, ведае свае карані і шануе нацыянальную спадчыну", - сказаў Прэзідэнт.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, невыпадкова гісторыя фестывалю пачалася тады, калі завяршылася палітычнае жыццё дзяржавы, што дзесяцігоддзямі аб'ядноўвала многія народы ў адну сям'ю.
"І там, дзе палітыкі правялі дзяржаўныя межы, людзі знайшлі самы просты, стагоддзямі правераны спосаб захаваць добрыя, цяпер ужо суседскія адносіны - праз культурныя сувязі. На Віцебскай зямлі зарадзілася традыцыя, якая зноў змацавала славянскі свет мелодыей любімых песень, гучаннем дзівосных галасоў, паэзіяй і музыкай душы вядомых усім аўтараў і выканаўцаў", - нагадаў беларускі лідар.
Захаванае адзінства, давер і ўзаемная падтрымка народаў сталі сапраўднай апорай у станаўленні і развіцці маладых суверэнных дзяржаў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Міжнародны конкурс не толькі сабраў разам блізкіх людзей, але і прыцягнуў увагу таленавітых артыстаў з іншых куткоў зямнога шара.
"Прадстаўнікі многіх краін і кантынентаў у розныя гады ўпрыгожвалі і напаўнялі музычны марафон найглыбейшым сэнсам, - адзначыў Прэзідэнт. - "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" - гэтая жыццесцвярджальная ідэя, закладзеная ў канцэпцыю "Славянскага базару" ў год яго заснавання, і сёння застаецца вельмі актуальнай і сучаснай. Можа быць, нават больш актуальнай і сучаснай, чым дзесяцігоддзі таму".
"Тут заўсёды пануе ўнікальная атмасфера міжнацыянальнай дружбы, якая існуе па-за дзяржаўнымі межамі, па-за палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі і перакананнямі. Віцебскі фестываль служыць самым высакародным мэтам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўдзел у "Славянскім базары" прадстаўнікоў больш як 40 краін пацвярджае душэўную шчодрасць беларусаў, гасцінных і адкрытых для сяброўства з усім светам.
"Сённяшні форум сабраў у Віцебску прадстаўнікоў больш за сарака краін. Апроч бліжэйшых суседзяў да нас прыехалі госці з Вялікабрытаніі, Канады, Паўночнай Карэі, Егіпта, Калумбіі і Гвінеі. Што, несумненна, пацвярджае душэўную шчодрасць беларусаў, гасціннасць і адкрытасць для сяброўства з усім светам, талерантнасць славянскіх народаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Беларусі рады сустракаць замежных гасцей, прымаць у сваю вялікую фестывальную сям'ю ўсіх, хто едзе з чыстымі думкамі і добрымі намерамі. "І мы шчаслівыя, што з кожным годам такіх людзей становіцца толькі больш, а іх знаёмства з Беларуссю працягваецца таксама ў іншых гарадах і рэгіёнах", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўжо трыццаць гадоў Віцебскі амфітэатр упрыгожвае горад, стварае ў ім музычны настрой. "Ён прыняў першыя канцэрты "Славянскага базару", і ўжо не злічыць, колькі песень з таго часу прагучала, колькі зорак тут заззяла і гледачоў сустрэлася. Але дакладна можна сказаць, што галоўная канцэртная пляцоўка форуму стала для многіх артыстаў родным домам. Месцам, дзе заўсёды ўтульна адчуваюць сябе ўсе - і пастаянныя госці, ужо вядомыя выканаўцы, і дэбютанты", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" спявачцы Розе Рымбаевай, Гран-пры XVI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2018" Аляксандру Балабанаву з Украіны, а таксама прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017-2018 гады. Іх уладальнікамі сталі народны артыст Расіі кампазітар Алег Іваноў, аўтарскі калектыў у складзе народнага артыста Расіі дырыжора Валерыя Палянскага і заслужанага работніка культуры Расіі Аляксандра Шаніна, а таксама народны артыст Савецкага Саюза балетмайстар Валянцін Елізар'еў.
Арганізатары форуму падарылі Аляксандру Лукашэнку пояс-абярэг - галоўны дар мужчыну ў славянскіх народаў. Такім чынам яны падзякавалі Кіраўніку дзяржавы за тое, што ён у свой час дапамог захаваць фестываль, які цяпер аб'ядноўвае многія народы.
"Мы тады былі правы, што захавалі гэты фестываль. Ён быў бы проста знішчаны. Я гэта ведаю зараз дакладна. Яго хацелі пусціць у свабоднае плаванне па гарадах, вёсках і краінах для таго, каб ён паціху згас, патух, як у нас кажуць. Таму мы яго захавалі для вас і аказаліся правы: ён нам вельмі патрэбны сёння, і ён будзе заўсёды запатрабаваны", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
"Не будзем хаваць, у нашым славянскім свеце сёння не зусім спакойна. І тое, што сёння адбываецца тут, я ўпэўнены, што вы нават гэтага не ўсведамляеце, наколькі важна, што мы тут сабраліся - для беларусаў, расіян, украінцаў, для ўсіх тых рэспублік Савецкага Саюза, якія былі калісьці ў адной дзяржаве", - адзначыў Прэзідэнт.