На стадыёне ў Браславе з'явіцца комплексная спартыўная пляцоўка
На гарадскім стадыёне ў Браславе кіпіць праца: будаўнікі рыхтуюць аснову для будучай комплекснай спартыўнай пляцоўкі.
Рабочыя Браслаўскага ДРБУ-142 ужо выканалі земляныя работы. Грунт падрыхтаваны да ўкладкі асфальту, усталёўваецца бардзюрны камень. Магчыма, да зімы тут з'явіцца цвёрдае пакрыццё.
На месцы цяперашняй будоўлі да наступнага лета створаць комплекс, які будзе ўключаць пляцоўкі для міні-футбола, валейбола, тэніса, дзіцячую гульнявую пляцоўку і спартыўны гарадок.
Плануецца, што комплекс будзе аснашчаны зручным і бяспечным палімерным пакрыццём і агароджай.
Будаўніцтва вядзецца ў рамках адной з праграм Еўрасаюза, у якой удзельнічаюць 12 раёнаў Беларусі. Аналагічныя комплексы акрамя Браслава павінны з'явіцца ў Мёрах, Паставах і Верхнядзвінску, піша газета "Браслаўская зорка".