На станцыі Орша прывіталі мільённага пасажыра

Характэрна, што падзея супала са святкаваннем 150-годдзя з дня ўтварэння станцыі Орша і адкрыцця руху на ўчастку Смаленск – Орша – Барысаў – Мінск – Баранавічы – Брэст.
– Менавіта 16 лістапада паўтара стагоддзя таму быў адкрыты рэгулярны рух на ўчастку Масква – Брэст. І сёння ў нас зафіксаваны мільённы пасажыр у бягучым годзе, – сказаў начальнік чыгуначнага вакзала станцыі Орша Кірыл Машарскі. – Хочацца адзначыць, што, нягледзячы на сусветную пандэмію, мы аднавілі паведамленне з тэрыторыяй Расійскай Федэрацыі. Гэта дазволіла за 10 месяцаў гэтага года павялічыць пасажырапаток па вакзале на 100 тысяч. З іх 70 тыс. – міжнароднае паведамленне. Калі параўноўваць з 2019 годам (дапандэмічны час), то пасажырапаток удалося аднавіць на 98%. Да канца года плануем выйсці на 100%.

Дарэчы, па дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй з 2022 года ўсе міжнародныя цягнікі, якія курсіравалі да закрыцця, будуць адноўлены.
Уладальніцу мільённага білета павіншавалі кіраўніцтва Мінскага аддзялення БЧ і станцыі Орша. Ёй уручылі сертыфікат і каштоўныя падарункі прама ў цягніку Мінск – Орша – Мінск.
– Так нечакана і прыемна, – падзялілася эмоцыямі Ларыса Маісеева. – Я пастаянна карыстаюся паслугамі нашай чыгункі. Не радзей двух разоў на месяц езджу ў Мінск да дзяцей і ўнукаў. Зараз у цягніках бізнес-класа падарожнічаць можна хутка і з камфортам.


Штосутачна на вакзале станцыі Орша прадаецца ад 3 да 4,5 тыс. білетаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа Мінск – Орша – Мінск, міжрэгіянальных ліній бізнес-класа Магілёў – Полацк, міжнародных ліній Масква – Мінск – Масква. З адкрыццём у красавіку бягучага года дзённых хуткасных міжнародных пасажырскіх зносін па маршруце Мінск – Масква за 10 месяцаў 2021 года пасажырапаток павялічыўся на 61 334 пасажыра.