На будаўніцтве Віцебскай ГЭС выканана палова работ па ўзвядзенні абыходнага канала

У ходзе ўзвядзення найбуйнейшай беларускай ГЭС - Віцебскай - выканана палова работ па будаўніцтве абыходнага канала і адхону, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у ГПА "Белэнерга".

Глыбіня канала складзе ад 7,5 да 10 м, шырыня па дне - 58 м, даўжыня - 881 м. Як растлумачылі ў "Белэнерга", задача адхону - прадухіляць абрынанне грунту пры эксплуатацыі канала, ён выконваецца з мінімальным ухілам, каб пазбегнуць размывання і занасіўвання дна ў сезон дажджоў.

Пасля завяршэння будаўніцтва абыходнага канала па ім будуць накіраваны воды Заходняй Дзвіны, напрамак якой часова зменняць перамычкамі ўверсе і ўнізе па цячэнні. На ўчастку паміж перамычкамі басейн ракі асушаць, пасля чаго пачнецца капанне катлавана для далейшага збудавання плаціны і гідравузла. Пасля завяршэння гэтага этапу перамычкамі перакрыюць ужо абыходны канал і рака вернецца ў першапачатковае рэчышча.

У сувязі з будаўніцтвам Віцебскай ГЭС таксама вядзецца пракладка дзвюх дарог - тэхналагічнай з боку вёскі Падбярэззе на левым беразе ракі і асноўнай, на правым, з боку вёскі Букаціна. У далейшым менавіта па апошняй будзе ажыццяўляцца пад'езд да гідравузла і адміністрацыйнага будынка станцыі.

Яшчэ адным важным этапам будаўніцтва з'яўляецца збудаванне двух раствора-бетонных вузлоў, на якія асноўная нагрузка ляжа з пачаткам бетанавання плаціны. Бетон будзе замешвацца на гэтых вузлах і затым пад ціскам паступаць прама да месца заліўкі. Тэхналогія ўзвядзення падобных збудаванняў не дапускае перапынкаў у працэсе бетанавання, так як ад гэтага залежыць трываласць плаціны, гарантыйны тэрмін эксплуатацыі якой складзе 100 гадоў.

Пры ўзвядзенні ГЭС у перыяд максімальнага аб'ёму работ будзе задзейнічана каля 800 будаўнікоў. Кантракт на будаўніцтва Віцебскай ГЭС "пад ключ" заключаны з Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяванні CNEEC. Яго кошт складае звыш $100 млн. Пры гэтым, згодна з дакументам, да 30% кошту кантракту да будаўніцтва павінны быць прыцягнуты беларускія прадпрыемствы і выкарыстаны беларускія будматэрыялы. Кантроль за гэтым ажыццяўляе заказчык - РУП "Віцебскэнерга".

Віцебская ГЭС стане самай магутнай гідраэлектрастанцыяй у Беларусі, планавая выдача электраэнергіі з яе складзе 40 МВт, што здольна забяспечыць электраэнергіяй трэць Віцебскага раёна. Для параўнання: самая магутная на сёння дзеючая Гродзенская ГЭС на Нёмане разлічана на выдачу 17 МВт. Першую электраэнергію Віцебская гідраэлектрастанцыя павінна выдаць у студзені 2017 года. Пасля гэтага праз 12 месяцаў на левым беразе ракі будзе пабудаваны шлюз для праходжання водных судоў.

Як адзначылі ў "Белэнерга", канструкцыя шлюза таксама дазволіць праплываць мігруючым рыбам. Уніз па цячэнні ад гідрастанцыі Дзвіна не абмялее, а ўверх па цячэнні з'явіцца вадасховішча з максімальнай глыбінёй 15 м і мінімальнай - да 2,5 м. Чакаецца, што ў выніку падобных змяненняў на рацэ ўзнікнуць больш спрыяльныя ўмовы для нерасцілішчаў, што прывядзе да павелічэння колькасці рыбы, асабліва тых відаў, якія аддаюць перавагу павольна цякучай або стаячай вадзе. Акрамя таго, з'яўленне вадасховішча ператворыць ландшафт, месцы каля вадасховішча стануць прывабнымі для адпачынку. Пры гэтым, як адзначылі ў "Белэнерга", максімальна магчымы паводкавы ўзровень не стварае ніякай пагрозы затаплення. Дзякуючы сучаснай тэхналогіі будаўніцтва ГЭС выключана верагоднасць пранікнення змазачных матэрыялаў у ваду.

У адпаведнасці з Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь да 2020 года на Заходняй Дзвіне прадугледжваецца стварэнне каскада з чатырох ГЭС: Полацкай, Віцебскай, Бешанковіцкай і Верхнядзвінскай. Іх сумарная ўстаноўленая магутнасць складзе 125-130 МВт. Кантракты на будаўніцтва Бешанковіцкай і Верхнядзвінскай ГЭС заключаны з турэцкай кампаніяй, якая будзе валодаць дадзенымі аб'ектамі 30 гадоў. Па заканчэнні гэтага тэрміну гідраэлектрастанцыі пяройдуць ва ўласнасць Беларусі.

ГЭС у Беларусі адводзіцца важная роля, паколькі яны выкарыстоўваюць альтэрнатыўную дарагім вуглевадародам і аднаўляльную крыніцу энергіі - ваду. У беларускай энергасістэме працуюць больш за 20 малых гідраэлектрастанцый.

Тэхналагічна гідраэлектрастанцыі з'яўляюцца так званай хуткай генерацыяй, што адлюстроўвае іх здольнасць за кароткі прамежак часу памяншаць або павялічваць выдачу электраэнергіі. Развіццё дадзенага віду генерацыі, як адзначаюць эксперты, неабходна для больш паспяховага балансавання аб'яднанай энергетычнай сістэмы краіны і павышэння эфектыўнасці яе працы пасля ўключэння ў яе склад Беларускай АЭС. У цяперашні час аснову энергасістэмы Беларусі складаюць гідратарныя электрастанцыі і цеплаэлектрацэнтралі.