На будаўніцтва Віцебскай ГЭС на Заходняй Дзвіне плануецца накіраваць Br435,2 млрд.
6 мая, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. На будаўніцтва Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна плануецца накіраваць Br435,2 млрд. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №675, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Фінансаванне будаўніцтва прадугледжваецца ажыццяўляць за кошт крэдытаў (уключаючы замежныя), якія выдаюцца пад гарантыю ўрада і ўласных сродкаў РУП "Віцебскэнерга".
Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі, увод у эксплуатацыю Віцебскай ГЭС з устаноўленай магутнасцю 40 МВт запланаваны на 2013 год. ГЭС дазволіць у сярэднім выпрацоўваць 138 млн. кВт электраэнергіі ў год. Дзякуючы выкарыстанню энергіі вады замест выпрацоўкі такой жа колькасці электраэнергіі выкіды парніковых газаў скарачаюцца на 71,2 т у год, таксічных газаў - на 236 т у год. Увод у строй Віцебскай ГЭС забяспечыць замяшчэнне імпартуемага паліва ў энергасістэме ў межах 42,6 тыс.т.у.п. у год.
Пляцоўка для будаўніцтва Віцебскай ГЭС знаходзіцца за 8 км ад Віцебска вышэй па цячэнні ракі Заходняя Дзвіна. Месца размяшчэння выбрана з улікам стварэння максімальнага напору пры мінімізацыі шкоды ад зносу і пераносу існуючых пабудоў пры будаўніцтве гідравузла, зручнасці камунікацый, спрыяльных гідралагічных і геалагічных умоў.
У Мінэнерга адзначылі, што будаўніцтва гідраэлектрастанцый у Беларусі абумоўлена праграмай уключэння ў паліўны баланс краіны да 25% мясцовых і аднаўляльных крыніц энергіі. Перавагамі гідраэнергетыкі з'яўляюцца мінімальныя эксплуатацыйныя затраты, а таксама эканомія паліва.-0-