На тэрыторыі Беларусі сфарміраваны найбуйнейшы аб'ект нерухомасці - магістральны нафтапрадуктаправод
11 лютага, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь сфарміраваны найбуйнейшы аб'ект нерухомай маёмасці. Гэта вытворча-тэхналагічны комплекс лінейных участкаў магістральнага нафтапрадуктаправода агульнай працягласцю больш за 1 тыс. км, размешчаны на 4078 зямельных участках. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар ДУП "Нацыянальнае кадастравае агенцтва" Андрэй Філіпенка.
Гэты праект ДУП "Нацыянальнае кадастравае агенцтва" рэалізоўвала на працягу пяці гадоў (2006-2010 гады) сумесна з РУП "Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры", РУП "Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры", РУП "Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" і землеўпарадкавальнымі службамі. Пры выкананні работ па дзяржаўнай рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі гэтага аб'екта сабрана інфармацыя аб характарыстыках аб'ектаў, якія ўваходзяць у гэты вытворча-тэхналагічны комплекс.
Аб'ект размешчаны на тэрыторыі 24 раёнаў трох абласцей. Вытворча-тэхналагічны комплекс уключае ў сябе больш за 4,5 тыс. капітальных будынкаў для функцыянавання і забеспячэння дзейнасці нафтапрадуктаправода. Гэтым тлумачыцца складанасць тэхнічнай інвентарызацыі такога буйнога аб'екта і працягласць рэалізацыі праекта, адзначыў Андрэй Філіпенка.
Для ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі вытворча-тэхналагічнага комплексу былі выкананы маштабныя землеўпарадкавальныя работы па адводзе зямельных участкаў.
Дзяржаўная рэгістрацыя і тэхнічная інвентарызацыя гэтага аб'екта мае вялікае значэнне для эканомікі краіны. У працэсе гэтых работ было ўпарадкавана землекарыстанне, сфарміраваны новыя зямельныя ўчасткі. Такім чынам, з'явіліся новыя аб'екты падаткаабкладання і ўдакладнены характарыстыкі наяўных аб'ектаў.
Генеральны дырэктар падкрэсліў важнасць дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння гэтага аб'екта нерухомай маёмасці і ўзнікнення правоў на яго для ўласніка названага капітальнага будынка. Дзяржаўная рэгістрацыя - гэта юрыдычны акт прызнання і пацвярджэння дзяржавай стварэння (наяўнасці) аб'екта нерухомай маёмасці і ўзнікнення правоў на яго. Гэта азначае, што пасля завяршэння дзяржаўнай рэгістрацыі ўладальнік не толькі набывае законную магчымасць прадаваць аб'ект, перадаваць у заклад, арэнду, распараджацца іншым чынам, але і атрымлівае дадатковыя гарантыі абароны сваіх правоў і інтарэсаў уласніка перад трэцімі асобамі.
Прычым дзяржаўная рэгістрацыя права ўласнасці на аб'ект нерухомай маёмасці дазваляе яго праваўладальніку пры абароне сваіх правоў разлічваць не толькі на свае ўласныя сілы, але і на дапамогу дзяржавы. Гэта дае магчымасць аператыўна атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю аб сваёй маёмасці ў любы момант часу, а таксама сістэматызаваныя звесткі аб аб'екце, якімі ён раней не валодаў. А гэта з'яўляецца неабходным складнікам эфектыўнага кіравання сваімі актывамі, робіць бяспечнымі інвестыцыі ў асноўны капітал і значна зніжае рызыку ўзнікнення спрэчкі аб праве на зарэгістраваны аб'ект.
І яшчэ адзін важны аспект тут варта адзначыць. Праведзеныя работы па тэхнічнай інвентарызацыі і дзяржаўнай рэгістрацыі ствараюць перадумовы для стварэння ў перспектыве геаінфармацыйнай сістэмы па зборы і падтрымцы інфармацыі аб аб'екце ў актуальным стане.-0-