На турніры па боксе памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску ўпершыню пройдуць жаночыя баі

14 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 спартсменаў прымуць удзел у XIII адкрытым рэспубліканскім турніры па боксе, прысвечаным памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які пройдзе ў Віцебску з 16 па 18 сакавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Спаборніцтвы збяруць прадстаўнікоў спартыўных школ усіх абласцей Беларусі, а таксама спартсменаў з рэгіёнаў Расіі і Эстоніі. Упершыню пройдуць баі сярод жанчын. Такое рашэнне прынята арганізатарамі для папулярызацыі гэтага віду спорту і з улікам таго, што жаночы бокс уключаны ў афіцыйную праграму Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане. Запрашэнне ў Віцебск атрымалі спартсменкі 1992 года нараджэння, якія выступаюць у алімпійскай вагавой катэгорыі да 60 кг. Мужчынская частка турніру будзе праходзіць традыцыйна сярод спартсменаў трох узроставых груп (1997-1998, 1995-1996 і 1993-1994 гадоў нараджэння) у розных вагавых катэгорыях. Баі пройдуць у віцебскім Цэнтральным спартыўным комплексе. Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў адбудзецца 16 сакавіка, а фінальныя сутычкі ва ўсіх вагавых катэгорыях запланаваны на 18 сакавіка, пасля чаго пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў турніру. Падчас правядзення мемарыяльнага баксёрскага турніру для спартсменаў складзена культурная праграма. Удзельнікі спаборніцтваў ўшануюць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў з ускладаннем вянкоў і кветак да помніка загінулым афганцам у Віцебску. Акрамя таго, баксёры наведаюць Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў і іншыя культурна-асветніцкія ўстановы. Арганізатарамі турніру памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў выступаюць аблвыканкам і гарвыканкам, ГА "Віцебская федэрацыя бокса", Віцебская гарадская арганізацыя ГАБСВА "Братэрства" пры падтрымцы прадстаўніцтва НАК па Віцебскай вобласці.-0-