На ўдзел у зімовай Алімпіядзе ў Ванкуверы прэтэндуюць 13 спартсменаў з Віцебскай вобласці

4 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. Кандыдатамі на ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы з'яўляюцца 13 спартсменаў Віцебскай вобласці ў 7 відах спорту. Пра гэта паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на рэспубліканскім семінары НАК Беларусі, які праходзіць у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Яшчэ 31 прадстаўнік вобласці прэтэндуе на ўдзел у XX летняй Алімпіядзе ў Лондане 2012 года. І гэты спіс можа папоўніцца, дадаў ён. Па словах Аляксандра Косінца, у вобласці надаецца пільная ўвага развіццю спорту вышэйшых дасягненняў, рэгіён валодае неабходным патэнцыялам па ўсіх напрамках падрыхтоўкі прафесіяналаў высокага ўзроўню. За апошняе дзесяцігоддзе адкрыліся сучасныя спартыўныя аб'екты ў Віцебску, Оршы, Віцебскім раёне. Сёлета закладзены падмурак лядовага палаца ў Оршы, аналагічныя спартзбудаванні з'явяцца ў Глыбокім, Лепелі, Навалукомлі. Акрамя таго, у перспектыве будуць вырашацца пытанні развіцця спартыўных аб'ектаў у Наваполацку, будаўніцтва грэбнага канала ў Полацку, лёгкаатлетычнага і футбольнага манежаў у абласным цэнтры. Такім чынам, вобласць мае намер ліквідаваць адставанне ад іншых рэгіёнаў у матэрыяльна-тэхнічным аснашчэнні фізкультурна-спартыўнай дзейнасці і стварыць годныя ўмовы для падрыхтоўкі спартсменаў высокага ўзроўню. Сёння ў вобласці дзейнічаюць больш за 60 ДЮСШ, два вучылішчы алімпійскага рэзерву і цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі, у якіх займаюцца больш за 23,5 тыс. маладых перспектыўных хлопцаў. У склад нацыянальных зборных па розных відах спорту ўваходзяць 611 прадстаўнікоў Віцебшчыны. Прафесіяналізм трэнерскіх кадраў пацвярджае той факт, што з больш чым 1,1 тыс. выкладчыкаў спартыўных школ звання "Заслужаны майстар спорту", "Майстар спорту міжнароднага класа", "Майстар спорту Рэспублікі Беларусь" маюць звыш 300 чалавек. У бліжэйшы час вобласць мае намер адрадзіць добрыя традыцыі ў гімнастыцы, лёгкай атлетыцы, боксе, шэрагу іншых відах спорту, а атлеты Віцебшчыны заўсёды будуць годна прадстаўляць краіну на міжнародных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, дадаў старшыня аблвыканкама.-0-