На вуліцы Кірава ў Віцебску поўным ходам ідзе рэканструкцыя цэнтральнай алеі

На улице Кирова в Витебске полным ходом идет реконструкция центральной аллеи
Рэканструкцыя цэнтральнай алеі на вуліцы Кірава ідзе поўным ходам. Гэты аб'ект уключаны ў план работ па падрыхтоўцы Віцебска да «Дажынак—2020».

Пераўтварэнне старога бульвара, які з'явіўся ў абласным цэнтры ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, адбываецца літаральна на вачах. За кароткі тэрмін дэмантавалі агароджу, тратуарнае пакрыццё, лаўкі і цяпер прыступілі да ўкладкі новай пліткі. Разам з работнікамі ТАА «ПлісаБуд», якое выйграла тэндар на рэканструкцыю алеі, на аб'екце працуе будатрад «Моцная звяно» Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Як расказаў яго камандзір Вячаслаў Шкрабаў, для будучых будаўнікоў гэта свайго роду вытворчая практыка, падчас якой яны могуць замацаваць на справе атрыманыя веды.


Акрамя тратуарнай пліткі, заменяць ліхтарныя слупы, лаўкі, урны. Замест чыгуначнай агароджы будзе жывая агароджа з хмызняку. Бульвар упрыгожаць кветнікі, малыя архітэктурныя формы. Па-ранейшаму цэнтральнае месца зойме бюст савецкага партыйнага дзеяча Сяргея Кірава, імем якога названы вуліца і алея. Плануецца ўстаноўка новай паркавай скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай моладзі 1950-х гадоў.

З боку вакзала з'явіцца ўваходная арка з дэкаратыўнымі гарэльефамі, на якіх будуць адлюстраваны ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і фрагмент Указа аб узнагароджанні ім горада Віцебска.

Ансамбль забудовы вуліцы, якая вядзе ад чыгуначнага вакзала да Кіраўскага моста, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Яго аўтары – архітэктары Віталь і Аляксандра Данілавы, Валянцін Гусеў, пра што сведчыць мемарыяльная дошка на доме №4. Згодна з праектам адна з самых вузкіх вуліц Віцебска, сфарміраваная ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў (як у яе яшчэ ўмудрялася ўпісвацца трамвайная лінія?), пашырылася ў 10 разоў і стала на той момант самай шырокай у рэспубліцы. У цэнтры магістралі разбілі бульвар. Першы жылы дом быў пабудаваны ў 1952 годзе, а ў 1955-м высаджаны дрэвы. Сярод апошніх будынкаў, узведзеных у 1960 годзе ў ансамблі вуліцы, – шасціпавярховая гасцініца «Дзвіна» на беразе Заходняй Дзвіны.

Рэканструкцыю алеі плануецца завяршыць у наступным месяцы. Яна абяцае стаць адным з прывабных маляўнічых месцаў горада, з якога госці, што прыязджаюць на цягніках, пачынаюць знаёмства з Віцебскам.

"Віцебскія весці".