На Ушаччыне адзначылі 74-ю гадавіну легендарнага прарыву ворагавай блакады
Самым ганаровым госцем свята стаў удзельнік тых гераічных падзей – Дзям'ян Крупеня з вёскі Глыбачка.
На ўрачыстым адкрыцці свята «Мужнасці і стойкасці беларускага народа прысвячаецца!» старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў адзначыў, што ўжо стала традыцыяй напярэдадні Дня Перамогі праводзіць такія сустрэчы на ўшацкай зямлі.
У Год малой радзімы гэта глыбока сімвалічна. Тут крыніцы народных талентаў і подзвігаў, тут разам пераплеліся ратныя і мірныя здзяйсненні, засвяціліся дарыванні, якія складаюць гонар беларускай літаратуры і мастацтва. Гэта знакавы, асабліва шанаваны дзень для раёна.
Такія мерапрыемствы садзейнічаюць выхаванню моладзі ў духу любові да Радзімы, працы на яе дабро, кожны раз прырастаючы ўсё новымі праектамі. Сёння тут адбыліся паказальныя выступленні па тэхнічных відах спорту выхаванцаў абласной аргструктуры грамадскага аб'яднання ДТСААФ, быў дадзены старт тэматычнаму аўтапрабегу, на чале калоны якога лунала копія Сцяга Перамогі.
У храме святых поченикоў Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры адгучала паніхіда па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Канцэрты мастацкай самадзейнасці цэнтра культуры, выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў і народнага клуба «Ветэран», выступленне арт-групы «Беларусы», феерверк – ушачанам і гасцям было што паглядзець.
А кульмінацыяй свята стала ўрачыстая цырымонія на мемарыяльным комплексе «Прарыў», што за сем кіламетраў ад райцэнтра.
Менавіта ў гэтым месцы каля вёсак Пліно і Паперына 16 партызанскіх атрадаў Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх баёў з фашысцкімі карнікамі з 4 на 5 мая 1944 года здзейснілі легендарны прарыў страшнай 25-дзённай воражскай блакады. Прарыў у неўміручасць. Іх было 17 185 супраць 60 тыс. салдат, узброеных да зубоў праціўніка.
У 1974 годзе, да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў, удзячныя нашчадкі ўзвялі на гэтым святым месцы адзін з самых уражлівых мемарыяльных комплексаў – «Прарыў».
У мінулым годзе ён быў рэканструяваны пры самым шырокім удзеле працаўнікоў усёй Віцебшчыны. Тут спачываюць 450 партызан, на 33 плітах – прозвішчы 1450 герояў, якія загінулі падчас блакады і прарыву.
Да мемарыяла былі ўскладзены вянкі ад аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Ушацкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, дэлегацый Лепельскага і Полацкага раёнаў, Наваполацка, кветкі ад ганаровых гасцей і шматлікіх удзельнікаў мерапрыемства.
Гучалі словы падзякі народным мсціўцам, якія паклалі жыццё на алтар Перамогі, мірным працаўнікам, якія аднавілі Ушаччыну пасля разрухі. У цішыні адлічваў хвіліну маўчання метраном, грымеў воінскі салют.
Ад удзельнікаў прарыву на свяце быў адзіны прадстаўнік – Дзям'ян Крупеня з вёскі Глыбачка, у далёкім 1944-м шараговы атрада ім. Суворава партызанскай брыгады, якой камандаваў Панцялеймон Панамарэнка. Нікога з баявых паплечнікаў Дзям'яна Уладзіміравіча ўжо няма.
– Тут кіпелі жудасныя баі. У такіх кровапралітных пераробках выпала быць – страшна ўспамінаць. Не дай Бог. Дагэтуль не верыцца, што нейкім цудам ацалеў у тым пекле, – расказаў ветэран вайны і працы.
У пасляваенныя гады Дзям'ян Крупеня працаваў малатобойцам у кузні, служыў у арміі. Потым быў загадчыкам хаты-чытальні, старшынёй рабочкома, дырэктарам сельскага Дома культуры. Вочы Дзям'яна Уладзіміравіча выпраменьваюць дабрыню, жывую цікавасць да таго, што адбываецца.
Бацька дваіх сыноў, дзед чатырох унучак і прадзед пяці праўнукаў яшчэ і самадзейны мастак. Алеем, акварэллю, алоўкам выяўляе краявіды роднай Ушаччыны, эпізоды сваёй партызанскай эпапеі і мірнае жыццё. Да 90-годдзя з дня нараджэння ветэрана была прымеркавана персанальная выстава яго работ у раённым музеі народнай славы.
Памяць пра герояў супраціву, іх подзвігі становіцца духоўным здабыткам новых пакаленняў, падкрэсліў на цырымоніі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Цяпер дзень прарыву ўшацкай блакады – гэта дзень глыбокай смуты па партызанах, якія стаялі насмерць у барацьбе з ворагам, радасці за мірнае жыццё пад чыстым небам, урок гісторыі ў справе выхавання патрыётаў, прыклад увекавечання памяці пра доблеснае мінулае беларускага народа.
За шчырую працу на ніве грамадскага і духоўнага адраджэння ўладыка ўручыў медаль Полацкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы «Свяшчэннамучанік Канстанцін, прэсвітар Шаркаўшчынскі» 1-й ступені кіраўніку абласнога дэпутацкага корпуса Уладзіміру Церанцьеву.
А своеасаблівай выніковай рысай урачыстай цырымоніі на мемарыяльным комплексе «Прарыў» сталі словы старшыні Ушацкага райвыканкама Уладзіміра Аўдошка:
– Мы заўсёды будзем схіляцца перад мужнасцю землякоў, якія наблізілі Перамогу!