На Віцебшчыне 796 участкаў для галасавання гатовыя сустрэць выбаршчыкаў

На Витебщине 796 участков для голосования готовы встретить избирателей

Сёння кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выйшла на фінішную прамую, калі выбаршчыкі ўжо могуць скарыстацца правам на датэрміновае волевыяўленне. На Віцебшчыне для гэтага гатовыя 796 участкаў для галасавання. Выбаршчыкі, якія жадаюць прагаласаваць датэрмінова, змогуць гэта зрабіць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00 на працягу пяці дзён, гэта значыць да 10 кастрычніка ўключна толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Датэрміновае галасаванне па месцы жыхарства выбаршчыка не дапускаецца, а таксама яно не праводзіцца на ўчастках, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах.

Як адзначыў старшыня абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Хома, галасаваць як датэрмінова, так і ў асноўны дзень 11 кастрычніка можна толькі па месцы рэгістрацыі. Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца. Пры сабе неабходна ў абавязковым парадку мець дакументы, якія сведчаць асобу. Бюлетэні будуць выдавацца па прад'яўленні пашпарта або даведкі органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, для вайскоўцаў тэрміновай службы – па ваенным білеце. Калі ж у выбаршчыка па якіх-небудзь прычынах няма пашпарта (напрыклад, пададзены ў пасольства на атрыманне візы), але ён унесены ў спісы для галасавання, бюлетэнь можа быць выдадзены на аснове службовага пасведчання дзяржслужачага, студэнцкага білета, пенсійнага пасведчання з фатаграфіяй або пасведчання кіроўцы. Спісы звяраюцца і фарміруюцца мясцовымі ўладамі. Па інфармацыі на 4 кастрычніка ўсяго на Віцебшчыне ў іх уключана 877 тыс. 793 выбаршчыкі, але працэс удакладнення гэтай колькасці ідзе пастаянна аж да дня асноўнага галасавання.

Прыбыўшы на ўчастак, грамадзянін паказвае пашпарт або іншы дакумент, атрымлівае бюлетэнь і пакідае аўтограф у спісе выбаршчыкаў, абавязкова ўказваючы дату датэрміновага галасавання. Бюлетэнь запаўняецца ў кабіне для тайнага галасавання, дзе забараняецца прысутнасць каго б там ні было, акрамя самога галасуючага. Выключэнне складаюць грамадзяне, якія не маюць магчымасці самастойна запоўніць бюлетэнь у сілу аб'ектыўных прычын (праблем са здароўем). Яны маюць права запрасіць у кабіну іншую асобу па сваім меркаванні, акрамя членаў участковай і вышэйстаячых камісій, кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асоб, назіральнікаў і журналістаў. Па словах Дзмітрыя Хомы, на Віцебшчыне большасць участкаў для галасавання абсталяваны элементамі безбар'ернага асяроддзя, створаны ўмовы для самастойнага волевыяўлення інвалідам па зроку.

На працягу ўсяго перыяду датэрміновага галасавання члены аблвыканкама плануюць штодня наведваць выбарчыя камісіі ў кожным раёне, каб пераканацца ў якасці праведзенай падрыхтоўчай работы, пракантраляваць арганізацыю самога працэсу галасавання і атрымаць уяўленне непасрэдна на месцах аб узроўні актыўнасці выбаршчыкаў, дадаў кіраўнік абласной камісіі.

Сяргей Антонов, «Віцебскія весці».