На Віцебшчыне фармуюцца тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі
На бягучым тыдні завершыцца вылучэнне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія павінны быць утвораны не пазней 22 ліпеня на сумесным пасяджэнні органаў прадстаўнічай і выканаўчай улады.
Усяго на Віцебшчыне трэба будзе сфарміраваць 26 тэрытарыяльных камісій, у тым ліку абласную і гарадскую ў Наваполацку. Правам дэлегавання туды сваіх прадстаўнікоў валодаюць працоўныя калектывы, палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы. Дакументы па вылучэнні патэнцыйных членаў камісій прымаюцца да 19 ліпеня ўключна ў органах, якія ўтвараюць такія камісіі, у працоўныя і выхадныя дні з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед. Адпаведная інфармацыя размешчана на інтэрнэт-сайтах выканкамаў.
У гэтыя ж дні вызначыцца першасны спіс патэнцыйных прэтэндэнтаў на пост кіраўніка дзяржавы _ 17 ліпеня мінае тэрмін падачы заяў у Цэнтрвыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Непасрэдна збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння стартуе 23 ліпеня і працягнецца па 21 жніўня ўключна.
Як нагадвае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, адзін выбаршчык можа падпісацца за вылучэнне любой колькасці кандыдатаў, але за аднаго чалавека подпіс можна паставіць толькі адзін раз. Калі ж падпісацца за аднаго прэтэндэнта два разы і больш, то такія адзнакі будуць прызнаны несапраўднымі. Подпісы будуць збіраць на пікетах, па месцы працы і на доме, пры гэтым выбаршчыкам трэба будзе не забываць правяраць дакументы ў зборшчыкаў подпісаў.
Сяргей Антонаў, "Віцебскія весці"