На Віцебшчыне спякалі першы каравай збожжа новага ўраджаю
Па традыцыі першы каравай уручаецца раёну, які раней за іншых пачаў выконваць дзяржаўны заказ. І ўжо некалькі гадоў запар яго атрымліваюць хлебаробы Чашніччыны.
Першай у раёне саспела пшаніца гатунку «Ядвіся» на палях ААТ «Ведранскае-агра», а даводзілі да кандыцыі збожжа на сушыльным комплексе КУСГП «Семяні». Адсюль у мінулую суботу адправілі бясцэнны груз з новым хлебам на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Камбайнераў, кіроўцаў, машыністаў сушыльнага комплексу, усіх удзельнікаў жніва шчыра павіншаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Булай. Кіраўнік раёна перадаў хлебаробам словы падзякі ад кіраўніка вобласці Мікалая Шарстнёва. Вянок з коласоў новага ўраджаю ўручаны дырэктару ААТ «Ведранскае-агра» Уладзіміру Пушнову. Даставіць першы хлеб на магутным МАЗе было даверана кіроўцу Міхаілу Норку (вось ужо паўтара дзясятка гадоў Міхаіл Васільевіч падчас жніва перавозіць збожжа) і намесніку дырэктара гаспадаркі Уладзіміру Касцюкову.
У Полацку чашнічан урачыста сустракалі дырэктар КХП Васіль Хаменок і яго намеснік па якасці Алена Барадзіна. Пшаніца паспяхова прайшла лабараторныя аналізы і адправілася ў засекі. А хлебаробам, першым пачаўшым пастаўку збожжа ў кошт дзяржзаказу, уручылі пераможны каравай.
Пачалася адпраўка новага ўраджаю з Чашніцкага раёна і ў іншыя рэгіёны. Учора апоўдні караваі былі таксама ўручаны дырэктару ААТ «Іванскі-агра» Віктару Унуковічу на Віцебскім КХП і дырэктару ААТ «Праземле-агра» Максіму Скрабнеўскаму на Аршанскім КХП.
– У кожным гаспадарцы прайшлі зажынкі – гэта свайго роду напутствие хлебаробам, пажаданне поспеху ўсім удзельнікам жніва, – падкрэсліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Пчолкіна. – У суботу, да прыкладу, сапраўднае свята адбылося ў ААТ «Іванскі-агра». Камбайны гэтай гаспадаркі першымі выйшлі ў поле і на ўчарашні дзень ужо ўбралі 61 га. У раёне выразна прадуманы меры па арганізацыі ўборачнай страды, матэрыяльнага і маральнага заахвочвання перадавікоў, клопату пра людзей.
Работа наперадзе напружаная – трэба ўбраць 15 532 га збожжавых і зернебабовых. Ужо скасілі 132 гектары, намалацілі 326 т збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль складае 24,7 цэнтнера на круг. Самая высокая – 42 ц/га – у ААТ «Ведренскае-агра». Як адзначаюць спецыялісты, валавы збор сёлета будзе не меншы за леташні, а ў 2014-ым чашнічане атрымалі амаль 49,5 тыс. т хлеба.
Алена Целядзька,"Віцебскія весці"