На Віцебшчыне змяніўся статус некаторых аб'ектаў гісторыі і культуры вобласці

Згодна з новым Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей, зацверджаным Саветам Міністраў Беларусі, будынак былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча стаў помнікам, які мае не рэгіянальнае, а рэспубліканскае значэнне. Такі ж статус атрымаў Барысаў камень ХІІ стагоддзя, які знаходзіцца ў Друі Браслаўскага раёна.

Трэцяя катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці прысвоена Свята-Успенскай царкве канца XIX стагоддзя ў Браславе, храмам святога прападобнага Сергія Раданежскага ў вёсцы Лескавічы і Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Перамога Шумілінскага раёна, а таксама будынку 1931 года на вуліцы Энгельса ў Глыбокім і гармаце 1910 – 1930-х гадоў на тэрыторыі сядзібна-паркавага ансамбля ў вёсцы Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна.

Гэтай жа пастановай Саўміна статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей пазбаўлены тры курганныя могільнікі ранняга сярэднявечча ў Докшыцкім раёне, будынак музычнай школы ў Лынтупах Пастаўскага раёна, частка будынкаў комплексу былой паштовай станцыі ў вёсцы Пагрэбенка Сянненскага раёна і гарадзішча ў аднайменным населеным пункце Шумілінскага раёна.

Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці».